Праваабаронца Леанід Судаленка адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні

Праваабаронца з Гомеля Леанід Судаленка, які ўжо восем месяцаў знаходзіцца ў СІЗА, адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, паведамляе Еўрарадыё са спасылкай на БелаПАН.

maxresdefault_0.jpg

Судаленка распавёў у лісце, копія якога ёсць у распараджэнні агенцтва, што Юрый Васкрасенскі (адпушчаны на волю былы актывіст, які цяпер агучвае ініцыятывы ўлады — Еўрарадыё) прапаноўваў яму напісаць "пакаянную". Быў нават пастаўлены дэдлайн — да 31 жніўня.
"Я пакуль абраў суд. Ён жа даверанасці ад таго, Хто мілуе, не прыклаў. А раптам правакатар", — адзначае ў лісце праваабаронца.
Працэс па яго справе павінен пачацца 3 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля і будзе адкрытым.
"Прыходзьце, пачуеце, як правільна Радзіму любіць трэба. Звычайна былі суды "Судаленка супраць РБ", а цяпер — "РБ супраць Судаленкі ", — напісаў праваабаронца. Раней ён неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека. І разгляд спраў там сапраўды называўся "Судаленка супраць Рэспублікі Беларусь". Прычым усе тыя справы праваабаронца выйграў, але Беларусь рашэнні Міжнароднага суда не выконвае.
Судаленку абвінавачваюць у арганізацыі і фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 і 2 арт. 342 КК РБ). Так следства трактавала дапамогу праваабаронцы людзям. Ён дапамагаў аплочваць штрафы і абскарджваць рашэнні судоў.
У судзе над Судаленкам мяркуецца апытаць больш за 60 чалавек, якім ён дапамагаў. Усяго ж у статусе такіх сведак на стадыі папярэдняга следства было апытана больш за 200 чалавек — жыхароў Гомельскага рэгіёну.
Праваабаронцы прызналі Леаніда Судаленку палітвязнем.