Андрэй Скурко: Нягледзячы на пэўныя нязручнасці, гэта адно з самых захапляльных падарожжаў у маім жыцці
Жонка вязня Паўліна Скурко ў фэйсбуку напісала пра тое, пра што расказвае ў сваіх лістах з СІЗА яе муж.
«"Нягледзячы на пэўныя нязручнасці, гэта адно з самых захапляльных падарожжаў у маім жыцці", — піша ў лісце Андрэй.
І яшчэ што мяне захапіла: без тэлефона, штохвіліннай камунікацыі, канечне, нязвычна — але ён уяўляе, нібы паплыў кудысьці ў амерыканскія калоніі з Англіі 17 стагоддзя. А я цяпер уяўляю сябе жонкай, якая штодня выходзіць на бераг выглядаць гэты карабель», — напісала Паўліна Скурко.
Паводле яе, муж піша, што засумаваў па нармальных серыялах. У камеры ёсць тэлевізар з чатырма каналамі, але нармальнае кіно там паказваюць рэдка. «Да тэлевізара, дарэчы, выпрацаваўся імунітэт: сёння сядзеў пад самым тэлевізарам і займаўся англійскай — і заўважыў, што зусім яго не чую:) Як тубыльцы Ніагарскі вадаспад. Ішоў серыял “Ляснік” ці штосьці падобнае”», — цытуе Паўліна Андрэя Скурко.
Таксама вязні гуляюць у мафію, у словы, на прагулках — у даганялкі. Андрэй многа чытае, замовіў збор твораў В.О.Ключэўскага, піша, засумаваў па навуковых кнігах.
На паштоўцы з бабром Андрэй Скурко даслаў сыну Тамашу новы верш-віншаванне на 1 год і 7 месяцаў:
Мы спыталіся ў бабра:— Дзе, бабёр, твая нара?— У рацэ, за балацінай,Мая хатка і плаціна.І падземныя хадыАж да самае вады.— А нашто хады капаць?— Каб у хованкі гуляць!
Тамаш увесь час пытаецца ў маці, дзе тата, і яна тлумачыць, што ў замку на Валадарцы.
Сам Андрэй Скурко піша жонцы: «Заўважаю, што трохі закаліўся тут — думкі пра адарванасць ад вас не выклікаюць ужо такой вострай унутранай рэакцыі, як раней. Кожны дзень, пражыты тут, набліжае мяне да сустрэчы з вамі».
Таксама Паўліна Скурко прыводзіць цытату, у якой «увесь Андрэй»: «Па тэлевізары ідзе перадача “Сакрэтны мільянер” — сэнс у тым, што нейкі з многіх расійскіх багацеяў едзе ў правінцыю і прыкідваецца там якім-небудзь прасцяком. А пасля дорыць мільён якім-небудзь людзям з цікавым праектам. Мільянеры ў перадачы нейкія былыя бандыты з адпаведным выхаваннем:) Але расказваю так доўга да таго, што задумка перадачы эксплуатуе сюжэт беларускай легенды пра падарожнага бога:) — як спачатку Вялес ці Пярун, а пасля Пятро ці Ілля хадзілі па зямлі і дапамагалі (а бывала што і не) людзям».
Андрэй Скурко быў арыштаваныя 8 ліпеня падчас разгрому «Нашай Нівы».
Адрас для лістоў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1