«Як жа ж горача я люблю цябе, мама». Што піша з СІЗА Дзяніс Івашын

Маці журналіста Дзяніса Івашына Людміла Мікалаеўна пасля доўгага перапынку атрымала ад сына ліст, дзе ён піша, што сумуе па вёсцы і абяцае адпрацаваць пасля вызвалення хатнія працы.

4d1ba6ce_8da0_4da9_b718_d8b5ea5d5566_w1597_n_r1_st.jpg


Дзяніс Івашын — журналіст-расследавальнік з Гродна, пад вартай ужо амаль паўгода.
Ён напісаў дадому ліст 4 жніўня, але той дайшоў амаль праз месяц — 28 чысла, хоць гродзенец сядзіць у турме роднага гораду. Ліставанне са зняволеным вельмі слабое, лісты амаль не даходзяць ні ў турму Івашыну, ні ад яго. Кіраўніцтва ж турмы неаднойчы запэўнівала сваякоў Івашына, што ўсе лісты перадаюць па адрасе своечасова.
«Радыё Свабода» прыводзіць фрагмент з ліста журналіста да маці. Як звычайна, ліст напісаны на тарашкевіцы.
«Прывіт, мая Матулечка!
Ужо надышоў жнівень — апошні месяц лета, якое мы праводзім у вымушаным расстаньні. Час даводзіць нам сваю хуткаплыннасьць, што мае безумоўны пазытыўны чыньнік для нас — набліжае хвіліну нашага ўзьяднаньня...
У гэтым вымушаным расстаньні яшчэ больш разумееш, наколькі вы для мяне ўсе важныя: як жа ж горача я люблю цябе, мама, і празьмерна пакутую праз страту часу, гэтых ужо амаль пяці (цяпер ужо амаль шасці. — РС) месяцаў, цягам якіх я не магу быць з табою, бачыць цябе, чуць, рабіць з табою наш улюбёны прамэнад па маёнтку і вёсцы.
Проста пасядзець разам з табою ў цішы нашага саду, у альтанцы, пяшчотна абвітай вінаграднымі гронкамі. Насаладзіцца разам з табою дабрабытам і ўтульнасьцю нашага Дому за адным сямейным сталом.
Дужа шкадую, што не магу дапамагчы табе ў гаспадарцы, асабліва ведаючы абсяг працаў, якія ледзьве ня ўвесь час трэба выконваць. Нічога, буду адпрацоўваць вам потым у падвойным аб’ёме (калі не ў патройным:-) ). Складай сьпіс задачаў для выкананьня».
Дзяніса Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачанне паводле 365 крымінальнага артыкула («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»).
Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне Івашына звязана з яго апошнім расследаваннем пра былых украінскіх беркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.




Журналіста затрымалі на наступны дзень пасля таго, як ён даў інтэрв'ю пра гэта рэсурсу «Настоящее время».
Дзянісу Івашыну 42 гады, ён жанаты. Па адукацыі эканаміст і палітолаг. Працаваў журналістам у незалежнай газеце «Новы Час» і міжнароднай супольнасці ІnformNapalm, якая даследуе ўплыў расійскай агрэсіі на іншыя краіны. Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газета «Новы Час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю.
Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, звязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на яго затрыманне і заявіла, што журналісцкая дзейнасць не можа быць прычынай пераследу.
У траўні ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі развітацца з ёй.
Са словаў сваякоў, ліставанне з Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць. Пасля таго як ён выйшаў з карцару ў чэрвені, стала вядома, што ў яго там здарыўся сардэчны прыступ. Выклікалі кардыёлага, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.