Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў падпісаў паштоўку для палітвязня Дзяніса Івашына

«А ў нас сёння невялічкі пазітыў. Украінскі рэжысёр, колішні палітвязень пуцінскага рэжыму Алег Сянцоў днямі падпісаў у падтрымку Дзяніса Івашына паштоўку. Неймаверна прыемна было даведацца пра гэта. І мы ўсе шчыра дзякуем пану Алегу за гэты жэст!» — распавяла ў Фэйсбуку Вольга Івашына, жонка Дзяніса.

Фота з фэйсбука Вольгі Івашынай

Фота з фэйсбука Вольгі Івашынай


Вольга адзначыла, што ў свой час яны з Дзянісам падтрымлівалі Алега Сянцова і патрабавалі яго вызвалення, і, калі гэта адбылося, — «цешыліся разам з усімі з нагоды павяртання пана Алега да ягонай сям’і».

240914563_4237262103019031_7064325083951744907_n.jpg


«І вось у той час, калі за вызваленне самога Дзяніса мы сёння вымушаныя змагацца, пан Алег вырашыў падтрымаць яго паштоўкай з добрымі словамі», — кажа Вольга Івашына.

240848770_4237263586352216_3698713417201464373_n.jpg

«Денис привет! Знаю как тебе сейчас непросто, потому что сам прошел все это на своей шкуре. Держись, не смотря ни на что! Мы никогда тебя не бросим и не забудем! Хай живе Беларусь! Олег Сенцов».
Алег Сянцоў — украінскі рэжысёр, актывіст Майдана, які выступаў супраць анексіі Расіяй Крыма. У маі 2014 года яго арыштавалі расійскія спецслужбы. Алега Сянцова абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэракту і асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі. Сянцоў віну не прызнаў. Утрымліваўся ў калоніі ў пасёлку Харп за Палярным кругам. Там ён некалькі месяцаў трымаў галадоўку з патрабаваннем вызваліць украінскіх палітвязняў. 7 верасня 2019 года ў ліку іншых украінцаў яго абмянялі па формуле «35 на 35».