«Я жывы, не арыштаваны». Сяргей Румас знайшоўся ў Лондане
Ужо хутка тыдзень, як стала вядома пра затрыманні сяброў былога прэм'ер-міністра Сяргея Румаса, а таксама меркаваныя пытанні органаў бяспекі да яго самога. З таго часу ў публічнай прасторы Румас не з'яўляўся.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», ён знаходзіцца ў Брытаніі, куды паляцеў на дзень народзінаў старэйшага сына Валерыя напярэдадні кампаніі арыштаў, якая закранула кола сяброў былога прэм'ера.
Валерый Румас займае пасаду памочніка дырэктара ў лонданскім
філіяле расійскай інвестыцыйнай кампаніі VTB Capital.
Сам экс-прэм'ер усе гэтыя дні не адказваў на пытанні. За яго
гаварыла жонка Жанна, якая запэўніла карэспандэнтаў розных выданняў, што муж
знаходзіцца на волі.
8 лютага да Сяргея Румаса дазваніўся карэспандэнт «НН», той адказаў на выклік.
«Я не буду даваць ніякіх каментароў, выбачайце. Вы пачулі,
што я жывы, не арыштаваны, але нічога каментаваць не буду. Дзякуй, што
хвалюецеся», — адказаў Сяргей Румас.
Назіральнікі задаюцца пытаннем, якія будуць далейшыя крокі
былога прэм'ера. Сяргей Румас з яго сувязямі ў сілавых структурах і чыноўніцкім
апараце быў бы здольны не проста ўзмацніць апазіцыю, але і стаць і яе лідарам.
Святлана Ціханоўская, якая стала сімвалам руху за
грамадзянскія правы і свабодныя выбары, не раз паўтарала, што не хоча
ўзначальваць краіну пасля змены сістэмы і вызвалення свайго палітзняволенага
мужа. У той жа час сацыёлагі адзначалі запыт у грамадстве на «аб'яднаўчага
лідара» з вопытам кіравання і прымальнага для самых розных слаёў.
51-гадовы Сяргей Румас працаваў як у фінансавай сферы, так і
ва ўрадзе. Ëн таксама разумее сілавыя структуры, бо сам скончыў
вайскова-фінансавае вучылішча.
У Румаса чатыры сыны, два старэйшыя з іх працуюць у краінах
Еўрасаюза.
Вядома, што Румас з жонкай адзін з дзён тыдня дома
размаўлялі па-беларуску, каб захаваць уменне гаварыць на роднай мове. Таксама ў жніўні жонка Румаса запосціла ў сацсеткі фота на фоне акцыі пратэсту каля стэлы (пазней яна яго выдаліла).
У 2010-2012 Сяргей Румас быў віцэ-прэм'ерам і ў гэтай якасці
процістаяў прыхільнікам савецкіх метадаў у эканоміцы. У 2018-2020 як прэм'ер
кіраваў эканомікай ва ўмовах перманентнага крызісу, выкліканага наступствамі
валюнтарызму і некампетэнтнасці ў вярхах і застоем эканомікі ў Расіі, галоўным
гандлёвым партнёру Беларусі. Нягледзячы на гэтыя складаныя ўмовы, урад Румаса
забяспечыў фінансавую і макраэканамічную стабільнасць. Сярод іншага, Сяргей
Румас вёў складаныя перамовы з Масквой аб пастаўках энерганосьбітаў.