Я Мішу бачыў!

Так здарылася, што я выпадкова стаў сведкам антыкарупцыйнай акцыі адэскага губернатара Міхаіла Саакашвілі і паспрабаваў зрабіць своеасаблівы партрэт палітыка.



cd4f5a4491f5989e1fccb12e1f569d6415c448ad.jpg

Усё пачалося з таго, што ў раёне Дачы Кавалеўскага (той самы купец Кавалеўскі, які кінуўся з вежы, пасля таго, як лопнуў яго праект правесці ў Адэсу водаправод) нечакана з’явіліся прадстаўнікі мясцовых камунальных службаў. Апранутыя ў аранжавыя камізэлькі жанчыны пачалі ляніва збіраць смецце і ўтрамбоўваць яго ў кантэйнеры. Пасля прыбыў дэсант мастакоў: яны падвялі свежымі фарбамі надпісы на тутэйшых манументах памяці абаронцаў гораду.

Назіраючыя за гэтымі рухамі, адэсіты і госці горада адразу зрабілі выснову: трэба чакаць візіту кіраўніцтва. Праўда, наконт таго, хто вырашыў наве­даць Дачу, адзінства не назіралася. Адны чакалі мэра, іншыя — губернатара. Некаторыя кляліся, што Дачу збіраецца наведаць сам Парашэнка з мэтай інспекцыі вайсковага аб’екту СПА (ён знаходзіцца па суседству і штоноч мацае пражэктарамі неба на прадмет «зялёных чалавечкаў», якія могуць прыйсці з паветра).

Перамаглі ў дыспуце тыя, хто рабіў стаўку на губернатара. 22 жніўня па пляжы маланкай пранеслася навіна: «Саакашвілі прыехаў!» Прыкладна траціна адпачываючых адразу забыла пра сонечны загар і мора ды пабегла глядзець на былога грузінскага гаранта. У метрах 40 іх чакала сапраўднае шоў. Невядомыя добраахвотнікі разбіралі агароджу, у той час, як Саакашвілі каментаваў працэс журналістам і мінакам, якія яго атачылі.

Аказваецца, за плотам знаходзілася віла дачкі былога міністра экалогіі, чальца кабінету Януковіча. Гэты міністр пабудаваў для дачкі вілу, а ў дадатак прыватызаваў прыкладна метраў 150 берагу былога публічнага пляжу. У Адэсе вольны доступ да прыватызаваных у часы Януковіча пляжаў — адна з самых балючых праблемаў, праз прызму рашэння якой нават ацэньваюць вынікі Майдану. Па словах Саакашвілі, пагроза нацыяналізацыі пляжаў спарадзіла новыя формы сабатажу рэформы. Уласнікі аб’ектаў са згоды лакальнага кіраўніцтва фармальна абвяшчаюць свае ўладанні санітарнымі станцыямі або нейкімі складамі, хаця на самай справе сутнасць эксплуатацыі тэрыторыі не мяняецца.

Так было і ў дадзеным выпадку. Заглянуўшы ў прабітую валанцёрамі дзірку ў плоце, можна было пабачыць мікрапарк з басейнам, лужкамі, спартовай пляцоўкай, і нават полем для гольфу. На ўскрайку, куды яшчэ ўчора простаму смяротнаму нельга было трапіць, сярод пальмаў быў бачны прыгожы асабняк. Увесь гэты комплекс, адпаведна шыльдзе на плоце, чамусьці называўся «камунальная санітарная зона» і «навуковая лабараторыя».

Актыўна жэстыкулюючы, Саакашвілі распавёў, што пасля доўгіх перамоў з мэрыяй вакол лёсу пляжу, ён наважыўся на акцыю прамога дзеяння — прарубіць пралом у агароджы і зрабіць пляж публічным. Натоўпу ў прынцыпе такі падыход спадабаўся, і людзі пачалі ўзгадваць іншыя аб’екты маёмасці рэгіяналаў і алігархаў, якія маглі стаць патэнцыйнымі мішэнямі экспрапрыяцыі.

Што адразу кінулася ў вочы, падчас усёй гэтай акцыі, дык гэта тое, што мадэль камунікацыі адэскага губернатара вельмі не падобная на стыль звычайных украінскіх чыноўнікаў, якія любяць выстаўляць сябе важнымі персонамі. Саакашвілі — эмацыйны, на першы погляд, больш просты і даступны палітык, у тым ліку дзякуючы свайму атачэнню. За яго спіной былі збольшага простыя грамадскія актывісты. Нельга сказаць, што Саакашвілі занадта харызматычны, аднак яго рэфармісцкая рыторыка выклікае інтарэс. Складваецца ўражанне, што нешта сапраўды можа змяніцца.

Можна дадаць, што Саакашвілі — шоўмен з вялікім вопытам. Ён кантралюе ход размовы з аўдыторыяй, пераключаючы яе, калі трэба, на больш прыярытэтныя для сябе тэмы. Яму характэрны элемент папулізму: напрыклад, зрываючыся на пафас, ён узгадаў, як яго ўразіла сцэна, калі маладая мама з дзіцём ішла на публічны пляж уздоўж доўгага плоту, за якім хавалася скрадзеная ў народу зямля.

У любым выпадку, Саакашвілі, безумоўна, — гістарычная асоба, з якой шмат хто прынамсі не супраць зрабіць сэлфі. Сэлфі была прысвечана асобная канчатковая частка візіту Саакашвілі, пасля чаго ён пакінуў аб’ект, плот вакол якога працягвалі раскурочваць ваяўнічыя маладыя людзі. У зробленыя разбуральнікамі праёмы ў агароджы адразу накіраваўся паток адпачываючых. Заняўшы месца пад сонцам на цяпер зноў народным пляжы, яны яшчэ доўга ўзгадвалі Мішу, даючы яму свае ацэнкі.

Спектр думак быў шырокі і палярны. Для адных «таварыш Саахаў» (мянушка Саакашвілі) — папуліст, паколькі акцыя з пляжам была яўна спектаклем аднаго артыста для журналістаў. На думку скептыкаў, казаць пра нейкія прарывы ў дзейнасці новага губернатара можна будзе толькі пасля эканамічнага ажыўлення. Тым больш, што ў горадзе хапае падобных алігархічных пляжаў, сярод якіх пляж вакол так званага замку Гары Потэра (асабняк у гатычным стылі, які пабудаваў сабе Алег Ківалаў, сумна вядомы кіраўнік ЦВК, які ў 2004 годзе прыпісаў Януковічу перамогу на прэзідэнцкіх выбарах, што і стала каталізатарам таго Майдану). Чамусьці да рэзідэнцыі Ківалава — сімвала карупцыі часоў былога рэжыму — у Саакашвілі рукі не даходзяць.

Другія кажуць, што незвычайны рэфарматарскі актывізм Саакашвілі абавязкова будзе мець вынікі. Па сутнасці, Адэса для Саакашвілі — апошні шанец застацца ў топе палітычных гульцоў. Калі ён нечага даб’ецца, то зможа зрабіць заяўку на больш высокую пасаду, тым больш, усе чакаюць хуткіх зменаў ва ўкраінскім Кабміне.

У любым выпадку, усе згодныя — фігура Саакашвілі дадала Адэсе каларыт плюс працягнула традыцыю запрашэння іншаземцаў, якія па сутнасці пабудавалі Паўднёвую Пальміру: Дэ Рыбас, Рышэлье, Ланжэрон… Апошняе, безумоўна, працуе на мясцовы лагер праўкраінскай партыі, хаця для яе перамогі нацыяналізаваць пляж, безумоўна, недастаткова.