Як гендэр уплывае на гарадскі актывізм

Якім чынам гендэрныя аспекты могуць быць звязаны з праблемай пашырэння кола грамадскіх актывістаў? Якія ідэі маглі б быць цікавымі і прывабнымі для гараджан? Як пераадолець абыякавасць насельніцтва? Гэтыя і іншыя тэмы абмяркоўваліся 16 снежня ў Слуцку на семінары для гараджан.

img_1321_logo.jpg


Праблема развіцця грамадскага актывізму для Слуцка дастаткова актуальная. На працягу многіх гадоў кола грамадскіх актывістаў застаецца вузкім. У асноўным, гэта адны і тыя ж імёны, якія ўжо даўно былі заўважаны ў грамадска-палітычнай дзейнасці. У горадзе па-ранейшаму шмат праблем, якія маглі б вырашацца больш паспяхова, калі б самі людзі былі зацікаўлены ў гэтым.

img_1317_logo.jpg


Падчас сустрэчы ўдзельнікам было прапанавана папрацаваць у групах і распрацаваць «мяхі» ідэй. Пры аналізе ідэй груп высветлілася, што ў аснове вырашэння праблемы павінна ляжаць запатрабаванасць у гэтым рознымі гендэрнымі групамі.

img_1324_1_logo.jpg


Вядучая семінара, грамадская актывістка з Барысава Алена Аўтушка лічыць, што перш, чым ажыццяўляць сіламі грамадства якісьці праект, трэба «апрануць гендэрныя акуляры». Гэта значыць, ацаніць з пункта гледжання гендэрнай роўнасці. Прыкладаў гендэрнай няроўнасці, якія наўпрост зыходзяць з законаў нашай краіны, шмат. Напрыклад, у Беларусі існуе абавязковая воінская служба. Жанчын у войска бяруць толькі на абслугоўваючыя пасады, і яны ніколі не будуць генераламі. Існуе больш за сотню прафесій, якія недаступны для жанчын. Нават у новай рэдакцыі «дэкрэта аб дармаедах» таксама закладзена няроўнасць. Так, калі мужчына займаецца прафесійнай дзейнасцю, а жанчына даглядае малых дзяцей, жанчына не лічыцца дармаедкай. Калі ж яны мяняюцца месцамі, мужчына становіцца «дармаедам».

img_1319_logo.jpg


У грамадскай актыўнасці таксама шмат гендэрных стэрэатыпаў. Адзін з удзельнікаў сустрэчы распавёў, што ён атрымлівае рассылкі з развіццёвымі магчымасцямі для грамадскіх супольнасцяў. Сам мужчына займае актыўную грамадскую пазіцыю, але яго ўдзел у цікавых праектах абмяжаваны праз узрост.

img_1322_1_logo.jpg


Пры выкананні праектаў дзейнічае методыка трох Р: рэпрэзентацыя, рэсурсы і рэальнасць. У Слуцку жывуць прадстаўнікі ўсіх гендэраў і трэба ўяўляць іх патрэбнасці. На жаль, да гэтага часу пры будаўніцтве дамоў, тратуараў не ўлічваюцца патрэбнасці сталых людзей, жанчын з вазкамі, інвалідаў. Альбо будуецца новая пляцоўка для дзяцей, а лаўкі для бабуль адсутнічаюць. У вёсках цяжка знайсці прыпынак для аўталаўкі з навесам. Аўталаўкі не прыязджаюць своечасова і людзям сталага веку прыходзіцца бавіць час пад дажджом. У грамадскай актыўнасці таксама вельмі важна, для каго і што рабіць, якім групам насельніцтва агульная справа можа быць цікавай. Вядома, што розныя групы насельніцтва маюць розныя інтарэсы і інструменты для вырашэння праблем. Калі паджылыя людзі ахвотна збіраюць подпісы, то моладзь любіць дзейнічаць больш творча і радыкальна.
Удзельніца сустрэчы случчанка Валянціна Іванаўна распавяла, што да гэтага часу слаба арыентавалася нават у самім паняцці «гендэр». Жанчына распавяла, што спрабавала актывізаваць жыхароў пад’езда на добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі толькі ў інтарэсах людзей сталага ўзросту і не ўлічыла інтарэсы моладзі, каб прыцягнуць яе да актыўнасці.
Случчане нават падыскутавалі па асобных пытаннях гендэрнай роўнасці і выказалі жаданне прадоўжыць навучальныя семінары.