Дапаможам Дзіку і слуцкім валанцёрам!

На вуліцах Слуцка каля пад’ездаў і крамаў амаль кожны дзень можна заўважыць безгаспадарных сабак і катоў, якія выпрошваюць у жыхароў і наведвальнікаў ежу.

Дзік у аўтамабілі 

Дзік у аўтамабілі 

Невялікая суполка слуцкіх валанцёраў спрабуе вырашыць праблему бяздомнасці бадзяжных катоў і сабак, а таксама паменшыць іх колькасць праз  стэрылізацыю — сваімі высілкамі, без дапамогі дзяржавы.



Сабакі чакаюць новага перасяленца Дзіка

Сабакі чакаюць новага перасяленца Дзіка


— Асноўная мэта нашай працы — захаваць жыццё бяздомнікам і знайсці ім гаспадара, — распавядае Надзея Пашко, якая яшчэ ў 2012 годзе стварыла адмысловую групу “УКантакце” дзеля аказання дапамогі бяздомным хатнім жывёлам. — Усё пачалося з уладкавання цэлай гайні сабак, якія бадзяліся па вуліцах горада. Далі аб’яву пра пошук гаспадароў у інтэрнэце і папрасілі пра дапамогу — людзі адгукнуліся. Дапамаглі сабакам, а пасля пачалі падбіраць і бяздомных катоў. Зараз суполка неабыякавых людзей мае прыкладна 2000 падпісчыкаў, але актыўнымі валанцёрамі з’яўляюцца толькі каля 10 чалавек.

Каты ў часовым прытулку ў адной з валанцёрак

Каты ў часовым прытулку ў адной з валанцёрак

Найлепшая памочніца Надзеі — Насця Туравец. Яна далучылася да валанцёраў у мінулым годзе. Апрача свайго ката, Насця часова ўтрымлівае яшчэ пяць, якім шукае гаспадароў. У іх чаканні ўсе вулічныя каты праходзяць ветэрынарны агляд і стэрылізацыю. Многім жывёлам патрэбная сур’ёзная медыцынская дапамога, якую ім аказваюць у тым ліку валанцёры.
Маштаб дапамогі, якія валанцёры аказваюць бяздомнікам, уражвае: толькі за 2016 год былі ўладкаваныя каля 100 жывёл. Яны знайшлі прытулак і клапатлівых гаспадароў.

Зараз сваіх гаспадароў чакаць яшчэ 17 катоў і 7 сабак.

Мілка чакае свайго гаспадара, які яе не кіне

Мілка чакае свайго гаспадара, які яе не кіне

Займець сабачае шчасце і стаць верным сябрам чалавека ўдаецца не ўсім падапечным. Насця Туравец распавяла пра сабаку Мілку, якую ў маі 2015 года валанцёры падабралі каля цукрова-рафінаднага заводу. Мілка была напалову паралізаваная і з агнястрэльнай ранай. Пасля ветэрынарнага агляду і рэнтгенаўскіх здымкаў мінскія ветэрынары канстатавалі, што выцягнуць кулю з сабакі не атрымаецца, паколькі аперацыя можа прывесці да поўнай паралізацыі жывёлы, і нават смерці. Аднак дзякуючы парадам іншага ветэрынара сабаку ўдалося падлячыць, і зараз Мілка бегае, нягледзячы на кулю. Хоць і крышку прыпадае на адну нагу.

Мілцы з гаспадарамі не пашанцавала тройчы: спачатку яе кінулі паміраць з куляй, іншыя гаспаары, якія яе ўзялі, таксама хутка нацешыліся і вярнулі назад, а трэцім не спадабалася, што яна душыць курэй. Зараз Мілка знаходзіцца на адной са станцый тэхнічнага абслугоўвання — ахвотна дапамагае ўладальніку вартаваць яго гаспадарку, а дзяўчаты дапамагаюць з яе ўтрыманнем. Дарэчы, валанцёры вельмі ўдзячныя ўладальніку гэтай станцыі, паколькі ён дазволіў прывезці на часовае ўтрыманне яшчэ 4-х сабак, якім зараз шукаюць прытулак.

Каты ў часовым прытулку ў адной з валанцёрак

Каты ў часовым прытулку ў адной з валанцёрак

12 лютага суседам вясёлай і дружалюбнай Мілкі па будцы стаў Дзік, які, нягледзячы на сваё сірочае жыццё, на людзей не злуецца і мірыцца са сваім становішчам.

Дзіка яшчэ шчанюком падкінулі на пляцоўку па будаўніцтве дрожджавага заводу ў Слуцку. Зараз асноўнае будаўніцтве скончылася, і сабака стаў там не патрэбны.

Маціяс, нямецкі інжынер і кіраўнік рабочых, якія наладжваюць тэхналагічнае абсталяванне на заводзе, дапамог дзяўчатам прывезці сабаку на часовае ўтрыманне на згаданае СТА.

Маціяс распавёў, што Дзік — сумесь дваровай сабакі з “лайкай” — вельмі дружалюбны, стойка перанёс свой пераезд. Маціяс ахвотна б узяў Дзіка да сябе, калі б гэта здарылася ў Германіі.

Дзік знаёміцца з сабакамі на СТА

Дзік знаёміцца з сабакамі на СТА



Па словах Маціяса, у Германіі праблема бадзяжных сабак вырашана. Там кожны сабака мае свайго гаспадара, знаходзіцца на ўліку і не можа быць выкінуты на вуліцу без сур’ёзнага пакарання для яго гаспадара. Адсочваць уладальніка сабакі дапамагаюць спецыяльныя электронныя чыпы, якія каштуюць нядорага і ўжыўляюцца сабаку праз адмысловы ўкол. Паступова вырашаецца ў Германіі і праблема бадзяжных катоў — у гэтым пытанні спрацоўвае разумная сістэма ўзаемадзеяння дзяржавы і разняволенай грамадскай ініцыятывы.

Слуцкім ратавальнікам жывёл патрэбна ўсебаковая дапамога, як і ўсім добраахвотным ініцыятывам, якія займаюцца гэтай праблемай. Патрэбны людзі, якія любяць жывёл і маглі б узяць пад сваю апеку кінутых гадаванцаў, патрэбны валанцёры, патрэбна фінансавая дапамога на стэрылізацыю, часовае ўтрыманне і гэтак далей.

pryjut_001.jpg

Больш падрабязна пра жывёл, якім патрэбны лекі і спагадлівыя людзі, можна даведацца ў адмысловай групе “УКантакце” — https://vk.com/club39043032.

Ад дзяржавы валанцёры чакаюць сур’ёзнай асветніцкай і прапагандысцкай працы па фармаванні гуманных адносін да жывёльнага свету і ўдасканалення заканадаўства, якое датычыцца хатніх і бяздомных жывёл.

Лілія Яфімаўна Піленкава, старшыня праўлення мінскай недзяржаўнай арганізацыі “Выратаванне жывёл”, у каментары для НЧ паведаміла, што дзякуючы супольнай працы зацікаўленай грамадскасці і асобных дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў накіраваны адмысловы праект Закона “Аб абыходжанні з жывёламі», распрацаваны з улікам досведу развітых еўрапейскіх краін, якія паспяхова вырашаюць праблему бадзяжных жывёл на аснове разумнага заканадаўства і прынцыпаў гуманізму. Праект закону чакае свайго абмеркавання.