Як шматдзетная маці спрабуе дамагчыся льготаў у сацыяльнай дзяржаве

Як звычайная сям'я з аграгарадка спрабуе атрымаць ільготны крэдыт для набыцця няновага дома. На канкрэтнае пытанне жанчыны мясцовы чыноўнік «лье ваду» і «абяцае адказаць».

Беларуская вёска. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Павел Хадзінскі

Беларуская вёска. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Павел Хадзінскі

На прамую лінію Мінаблвыканкама датэлефанавалася шматдзетная маці з аграгарадка Лугавая Слабада, што недалёк ад Мінска, Вольга Слабко. Жанчына расказала першаму намесніку старшыні Сяргею Ляўковічу аб сваёй праблеме, піша лукашэнкаўскі рупар «Мінская праўда», на што звярнула ўвагу «Наша Ніва».

— Мы шматдзетная сямʼя, у нас чацвёра дзяцей. Жывем у сельскай мясцовасці. Стаім на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Хацелі б набыць другаснае жытло, дом. І нам усюды адмаўляюць у атрыманні льготнага крэдытавання. Прапануюць крэдыт на агульных умовах, што для нас непасільна. Ці можа дзяржава неяк нам дапамагчы? — задаецца пытаннем Вольга Станіславаўна.

Падчас размовы высвятляецца, што муж жанчыны працуе трактарыстам, а сама яна жывёлавод, але ў цяперашні момант знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.

Муж і жонка працуюць у гаспадарцы, якая адносіцца да Мінскай агародніннай фабрыкі.

Сямʼя ўжо больш за 20 гадоў пражывае ў службовым жыллі, у інтэрнаце, выкуп якога не прадугледжаны.

Жанчына раней звярталася ў мясцовыя органы выканаўчай улады і ў банкі, але ёй сказалі, што льготнае крэдытаванне магчымае толькі на будаўніцтва кватэры або набыццё ўчастка з наступным будаўніцтвам дома.

Аднак для мужа і жонкі гэта не па кішэні. Затое яны прыгледзелі дом, які цалкам ім падыходзіць. Там праведзены ўсе камунікацыі: газ, вада.

— Гэта проста ідэальны варыянт для нас, для дзетак і па кошце, і па метражы, і па ўмовах, — перакананая Вольга Слабко, — але звычайнага крэдыту мы не пацягнем, у мяне дзеці тады застануцца галоднымі.

Мы б хацелі, каб дзяржава нам хоць крыху дапамагла вырашыць гэтае жыццёва неабходнае для нас пытанне.

У артыкуле прапагандысцкага выдання журналіст чорным па беламу піша:

Сярод іншага, асаблівым клопатам у Беларусі традыцыйна акружана мацярынства і дзяцінства. Кіраўнік дзяржавы заўсёды ўдзяляў і ўдзяляе гэтаму павышаную ўвагу. У краіне прыняты законы, у якіх прапісаны меры падтрымкі сем'яў з дзецьмі, асабліва шматдзетных. Таму не дзіўна, што людзі разлічваюць на дапамогу і звяртаюцца па яе ў дзяржаўныя органы.

Сяргей Ляўковіч запэўніў жанчыну, што адпаведныя службы Мінаблвыканкама ўважліва вывучаць заканадаўчыя магчымасці аказання падтрымкі ў гэтай сітуацыі.

— Не магу нічога зараз абяцаць, але мы зробім усё, што ў нашых кампетэнцыях, і дамо адказ, — запэўніў Сяргей Віктаравіч.

«Застаецца спадзявацца, што ўладам удасца дапамагчы. Бо калі меркаваць па-чалавечы, то сямʼя Вольгі Слабко адназначна заслугоўвае права на матэрыяльную падтрымку ў набыцці ўласнага жылля, застаецца толькі знайсці для гэтага юрыдычную магчымасць і прапанаваць людзям пасільны для іх варыянт», — заўважае карэспандэнт «Мінскай праўды».

Але пры гэтым артыкул карэспандэнт аздобіў прапагандай, якая супярэчыць усёй гэтай гісторыі.

«Мы жывем у сацыяльна арыентаванай краіне. Гэта азначае, што наша дзяржава ў аснову ставіць клопат аб сваіх грамадзянах. Хаця Беларусь і не самая багатая ў свеце, але тут рэальна робіцца вельмі шмат, каб людзі маглі жыць камфортна і бяспечна, атрымліваць адукацыю, працаваць і адпачываць, гадаваць дзяцей. Шкада, што не ўсё гэта здольныя па-сапраўднаму ацаніць, і некаторыя часам успрымаюць усё як належнае», — піша «Мінская праўда».