Як у Бярозе змагаюцца з пагрозай тэрарызму

У Бярозе страхавыя агенты і іх кліенты вымушаны былі па чацвяргах пералазіць на працу і па страхоўку праз высокі плот. Шапікі  страхавых кампаній размешчаны  побач з будынкам ДАІ і МРЭА — міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення ДАІ, якія па загадзе зверху нечакана сталі рэжымнымі аб’ектамі.


На браму  і веснічку павесілі замкі. МРЭА пачынае працу ў 11, калі страхагенты — з 8-мі. Супрацоўнікі і кліенты сталі закладнікамі, кажуць страхавыя агенты:
— Сказалі, што ў Берасці нешта здарылася. І пасля гэтага ў нас зачынілі браму, і мы на працу пералазім праз плот. Я сказала начальніку, што акрамя МРЭА тут знаходзімся яшчэ і мы, дайце ключ. Ён адказаў, што нельга
Намеснік начальніка Бярозаўскай міліцыі Кірыл Карасікаў патлумачыў сітуацыю і паабяцаў разабрацца:
— Загад атрымалі, бо такая неспакойная сітуацыя ў свеце, а гэта рэжымны аб’ект. Ёсць загад — зачыняць рэжымныя аб’екты, калі ёсць брама, на замок
Як сказаў былы следчы па асоба важных справах Мікалай Казлоў, пад прапановай барацьбы з тэрарызмам, працу  міліцыі засакрэчваюць і выкарыстоўваюць абуральныя метады, якія  даходзяць да ідыятызму. Карасікаў стрымаў слова. Страхаўшчыкі атрымалі ключ ад веснічак, хоць ім зрабілі вусную вымову за прыцягненне да канфлікту прэсы.

Паводле racyja.com