Кацярына Андрэева аштрафаваная за супрацу з «Белсатам»

Суд Савецкага раёну Мінску завочна прысудзіў журналістцы Кацярыне Андрэевай штраф у памеры 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за «парушэння заканадаўства аб СМІ» (арт. 22.9 КаАП).

Кацярына Андрэева падчас стрыму з "марша недармаедаў"

Кацярына Андрэева падчас стрыму з "марша недармаедаў"

Падставай для складання адміністратыўнага пратаколу супраць Кацярыны Андрэевай стала яе праца на «маршы недармаедаў» у Берасці 5 сакавіка, адкуль яна вяла стрым для Белсату. Журналістку абвінавацілі ў супрацу з тэлеканалам без акрэдытацыі.

Рашэнне вынесла суддзя Фёдарава. Разгляд справы адбыўся 4 мая без удзелу журналісткі — позву ў суд Кацярына атрымала толькі сёння, 5 мая.

«Я думаю, гэта вельмі цікавая судовая практыка: спачатку судзіць, а потым дасылаць чалавеку позву ў суд. Калі я пацікавілася, хто быў сведкам на маім працэсе, мне заявілі, што не могуць даць гэтую інфармацыю па тэлефоне. Гэтае рашэнне застанецца на сумленні судзі Фёдаравай. Думаю ў пэўным сэнсе ёй пашанцавала — у судовай залі я б свае меркаванне пра гэты працэс не стала хаваць. Для мяне гэта не суддзя, для мяне гэта жанчына ў чорнай мантыі, якая невядома як апынулася на гэтай пасадзе», — адзначыла Кацярына Андрэева ў інтэрвʼю Белсату.

Журналістку не ўпершыню судзяць за яе прафесійную дзейнасць. 12 сакавіка Кацярына Андрэева была затрымана ў Воршы пасля «маршу недармаедаў», з якога вяла стрым, і правяла ноч за кратамі. На наступны дзень Аршанскі гарадскі суд прысудзіў Кацярыне штраф у памеры 30 базавых за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ».


«З акцыі ў Брэсце прайшло 2 месяца. Відаць цяпер мне трэба чакаць пратаколы і позвы за ўсе наступныя акцыі, з якіх я вяла стрымы», — кажа яна.

belsat.eu