Кацярына Андрэева атрымала ліст ад мэра Прагі

Журналістка Кацярына Андрэева, якая адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі, нядаўна атрымала ліст салідарнасці ад мэра Прагі Здэнэка Гржыбы. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў муж Кацярыны журналіст Ігар Ільяш.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

«Пра тое, што Гржыба даслаў ліст у гомельскую калонію, стала вядома падчас акцыі ў падтрымку незалежных журналістаў Беларусі, якая адбылася ў Празе 8 верасня. Мэр сказаў тады, што ліст мае мала шанцаў прайсці праз турэмную цэнзуру.
Шчыра кажучы, калі я пачуў пра гэта, то таксама падумаў, што, хутчэй за ўсё, ён не дойдзе. Але сёння мы даведаліся, што Каця ўсё-ткі атрымала ліст. Яна ўдзячная мэру Прагі за падтрымку і салідарнасць», — напісаў Ігар Ільяш.
Нагадаем, Кацярына Андрэева разам з журналісткай Дар'яй Чульцовай стала фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 Крымінальнага кодэкса), пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы Пераменаў» у Мінску 15 лістапада мінулага года.
18 лютага журналістак асуддзілі на два гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму.
 Падтрымаць журналістку можна, напісаўшы ёй на адрас: Папраўчая калонія №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна 3. Кацярыне Андрэеўне Бахвалавай.