Каго абяруць птушкай 2021 года? Залежыць ад вас!

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) прапануе выбраць анлайн свайго намінанта на званне крылатага сімвала наступнага года.

Фота Мікалая Вараб'я

Фота Мікалая Вараб'я

Прагаласаваць можна па спасылцы ptushki.org/birdoftheyear да 1 лютага ўключна.
У спісе для анлайн-галасавання — шэрая валасяніца, ляляк і ластаўка-зямлянка. Таксама можна дадаць іншы від, які раней не быў птушкай года і адпавядае крытэрам.
Ластаўка-зямлянка (Ласточка-береговушка) — звычайны шырока распаўсюджаны від, але менш вядомы, чым іншыя віды ластавак. Гняздуецца вялікімі калоніямі ў пясчаных абрывах. Часам калоніі разбураюцца падчас распрацовак кар’ераў з будаўнічым пяском.

Ластаўка-зямлянка. Фота Мікалая Вараб'я

Ластаўка-зямлянка. Фота Мікалая Вараб'я

Ляляк (Козодой) — адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у нашай краіне. Адзін з майстроў камуфляжу. Афарбоўка апярэння ляляка цудоўна маскіруе яго на фоне лясной падсцілкі або ствала дрэва. Найбольшую актыўнасць праяўляе ў цёмны час сутак. Харчуецца начнымі лятучымі насякомымі. У гнездавы сезон птушкі часта трапляюць ноччу пад колы машын, якія рухаюцца на вялікай хуткасці па лясных асфальтаваных дарогах.

Ляляк. Фота Мікалая Вараб'я

Ляляк. Фота Мікалая Вараб'я

Валасяніца шэрая (Серая мухоловка) — звычайная пералётная птушка. Насяляе звычайна лясы. Селіцца і ў населеных пунктах. Птушкі харчуюцца лятучымі насякомымі. Чалавек можа дапамагчы гэтаму віду, вырабляючы адмысловыя паўадкрытыя домікі для гнездавання.

Валасяніца шэрая. Фота Мікалая Вараб'я

Валасяніца шэрая. Фота Мікалая Вараб'я

Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ: “Пераможцы «народнага галасавання» не раз атрымлівалі потым ганаровае званне птушкі года. Напрыклад, глушэц – птушка 2020 года – быў вылучаны кандыдатам якраз у выніку анлайн-галасавання. Менавіта ваш голас можа быць вырашальным! Раскажыце знаёмым пра такую магчымасць — кожны з нас можа арганізаваць сапраўдную перадвыбарчую кампанію для ўлюбёнага віду!”
Від, які набярэ найбольш галасоў на сайце АПБ, 8 лютага пазмагаецца за званне птушкі 2021 года са звычайнай туркаўкай і стрынаткай-чаротаўкай, намінаванымі Цэнтральным Саветам і Сакратарыятам АПБ. У гэтым заключным этапе выбараў птушкі года ўдзел возьмуць сябры арганізацыі.
Паводле прэс-рэлізу