Сапраўдныя выбары ў Беларусі: абіраем намінанта на званне птушкі 2021 года разам!
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» адкрыла народнае галасаванне за птушыны сімвал года, які будзе доўжыцца да 1 лютага.
У спісе для анлайн-галасавання — шэрая валасяніца, ляляк і ластаўка-зямлянка. Таксама можна дадаць іншы від, які раней не быў птушкай года і адпавядае крытэрам.
Ластаўка-зямлянка (Ласточка-береговушка) – звычайны шырока распаўсюджаны від, але менш вядомы, чым іншыя віды ластавак. Гняздуецца вялікімі калоніямі ў пясчаных абрывах. Часам калоніі разбураюцца падчас распрацовак кар’ераў з будаўнічым пяском.
Ляляк (Козодой) – адзіны прадстаўнік атраду лялякападобных у
нашай краіне. Адзін з майстроў камуфляжу. Афарбоўка апярэння ляляка цудоўна
маскіруе яго на фоне лясной падсцілкі або ствала дрэва. Найбольшую актыўнасць
праяўляе ў цёмны час сутак. Харчуецца начнымі лятучымі насякомымі. У гнездавы
сезон птушкі часта трапляюць ноччу пад колы машын, якія рухаюцца на вялікай
хуткасці па лясных асфальтаваных дарогах.
Валасяніца шэрая (Серая мухоловка) — звычайная пералётная птушка. Насяляе звычайна лясы. Селіцца і ў населеных пунктах. Птушкі харчуюцца лятучымі насякомымі. Чалавек можа дапамагчы гэтаму віду, вырабляючы адмысловыя паўадкрытыя домікі для гнездавання.
Карына Салавей, кіраўнік аддзела развіцця АПБ: “Пераможцы «народнага галасавання» не раз атрымлівалі потым ганаровае званне птушкі года. Напрыклад, глушэц – птушка 2020 года – быў вылучаны кандыдатам якраз у выніку анлайн-галасавання. Менавіта ваш голас можа быць вырашальным! Раскажыце знаёмым пра такую магчымасць — кожны з нас можа арганізаваць сапраўдную перадвыбарчую кампанію для ўлюбёнага віду!”
Від, які набярэ найбольш галасоў на сайце АПБ, 8 лютага пазмагаецца за званне птушкі 2021 года са звычайнай туркаўкай і стрынаткай-чаротаўкай, намінаванымі Цэнтральным Саветам і Сакратарыятам АПБ. У гэтым заключным этапе выбараў птушкі года ўдзел возьмуць сябры арганізацыі.
Паводле ptushki.org