Кактэйль Молатава ў Савецкі РУУС кінулі знутры?
Уначы 13 кастрычніка невядомыя атакавалі тэрыторыю Савецкага РУУС у Мінску кактэйлямі Молатава, паведамляе ў Telegram прэс-служба МУС. На відэа відаць, як загарэўся прыпаркаваны аўтобус, але яго хутка патушылі. Сцвярджаецца, што агулам былі кінуты тры бутэлькі з запальваючай сумессю.

Міліцыя займаецца пошукам асобаў, якія кідалі кактэйлі Молатава. Як паведамляе Следчы камітэт, крымінальную справу распачалі па артыкулах "асоба злоснае хуліганства" (ч. 3 арт. 339 КК) і "незаконныя дзеянні ў адносінах прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў" (ч. 1 арт. 295-3).
Апошнім часам спробы падпалаў будынкаў пракуратуры адбыліся ў Жодзіне і Баранавічах, у Бабруйску падпальвалі дзверы апорнага пункту міліцыі.

Між тым, журналісты Еўрарадыё звярнулі ўвагу на цікавую акалічнасць. Яны расклалі па кадрах відэа, якое апублікавала МУС. І выявілася, што траекторыя, па якой ляціць бутэлька, спачатку ўзыходзячая! Такое адчуванне, што кактэйль Молатава прыляцеў у аўтобус не звонку, а з тэрыторыі аддзялення міліцыі.