«Калі яны не злачынцы, дыялог патрэбны». Беларусы пра досвед прававога дыялогу з органамі ўлады

Надзвычай высокі ўзровень культуры і цывілізаванасці беларусаў за апошні год стаў сапраўдным феноменам і прыкладам таго, як захаваць чалавечы гонар у бесчалавечных умовах. Нават сярод гвалту і болю беларусы застаюцца падкрэслена ветлівымі са сваімі апанентамі. Хтосьці кажа, што гэта прыкмета наіўнасці, інфантылізму, але тут гэта называецца годнасцю.

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, Дзмітрый Дзмітрыеў

Згодна з Канстытуцыяй, Беларусь — дэмакратычная краіна, улада ў якой належыць народу. Гэта значыць, што кожны грамадзянін павінен мець доступ да інструментаў уздзеяння на рашэнні ўлады — ад выбару месца ўсталёўкі шапікаў да выбару прэзідэнта краіны. Такімі інструментамі з’яўляюцца, напрыклад, звароты і петыцыі.
Петыцыі — зручны інструмент данясення ідэі, да якой жадае далучыцца вялікая колькасць грамадзян. Але ці можа ён працаваць там, дзе ўлады не здольныя чуць народ? Для адказу на гэтае пытанне мы звярнуліся да Юрыя Кулікова, жыхара вёскі Тарасава, які спрабуе размаўляць з уладай на прававой мове.

Юрый Кулікоў. Фота прадастаўлена героем публікацыі

Юрый Кулікоў. Фота прадастаўлена героем публікацыі

Юры працуе праграмістам. Актыўнай грамадскай дзейнасцю ён пачаў займацца пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
— Справа ў тым, што ў вёсцы Тарасава, дзе я жыву, выбары прайшлі амаль бездакорна. Я быў там назіральнікам. Святлана Ціханоўская перамагла па афіцыйным пратаколе, яна набрала 83% галасоў выбарнікаў. Але я галасаваў не там, а ў мінскай школе нумар 42, дзе давялося сутыкнуцца і з хамствам старшыні камісіі, і з міліцыяй, якая прыехала да мяне ў адказ на спробу азнаёміцца з пратаколам. Гэта быў жах.

Фота прадастаўлена героем публікацыі

Фота прадастаўлена героем публікацыі

Менавіта пасля тых выбараў я адчуў патрэбу ў прававой адукацыі. Тады звярнуўся да курсаў ад Petitions.by. Дзякуючы ім я стаў лепш арыентавацца ў пытаннях права. Таксама ў гэтым варунку вельмі дапамагла платформа «Honest people». Увогуле я лічу, што прававая адукацыя павінна пачынацца са школы. Каб дзеці адчувалі сябе грамадзянамі, якія могуць і павінны кіраваць сітуацыяй у краіне. А цяпер, на жаль, нават многія дарослыя не ведаюць інструментаў уздзеяння на рашэнні ўлады.
Юры прызнаецца, што дабівацца прававога дыялогу з уладай складана і вельмі энергазатратна.
 — Часам, асабліва цяпер, адчуваю, што б’юся, нібыта гарох аб сцяну. Але я зусім не згодны з тымі, хто лічыць, што петыцыі — гэта нешта наіўнае і непрацоўнае. Так ці інакш, прадстаўнікі ўлады адчуваюць ад іх пэўны ціск. Ведаеце пра тэорыю сотні парэзаў? Згодна з ёй, сто маленькіх удараў больш эфектыўныя, чым адзін вялікі. Кожны зварот, скарга, петыцыя — маленькі ўдар. У сваёй вёсцы Тарасава я дакладна адчуваю, што не самотны. У нас тут цудоўныя людзі. Летась, у жніўні, мы зрабілі калектыўны зварот жыхароў вёскі наконт генплана, прапанаванага ўладай. Мы распісалі пажаданні і прапановы на васьмі аркушах, да таго ж падмацавалі зварот васямнаццаццю старонкамі подпісаў. Пакуль рана рабіць выснову пра тое, ці будзем мы пачутыя. Але тое, што ў жыхароў вёскі атрымалася канкрэтна і ёміста сфармуляваць сваю пазіцыю наконт такога істотнага пытання ў жыцці Тарасава азначае, што грамадства, як мінімум, не спіць.

Фота прадастаўлена героем публікацыі

Фота прадастаўлена героем публікацыі

Афіцыйныя звароты Юрыя да мясцовых уладаў мелі поспех. Напрыклад, дзякуючы ім, у вёсцы Тарасава знішчылі атрутную расліну залатарнік, якую часта параўноўваюць з баршчэўнікам. Замест яго ў населеным пункце пасадзілі больш за тры сотні дрэваў. Да таго ж звароты Юрыя Кулікова дапамаглі наладзіць збор смецця.
— Ёсць і камічныя выпадкі, напрыклад з «Табакеркай», якую ўсталявалі на прыпынку ў Тарасава. Яна перашкаджала руху грамадскага транспарту, таму мы патрабавалі яе знесці. Улады палічылі, што прасцей будзе пашырыць тратуар.

Фота прадастаўлена героем публікацыі

Фота прадастаўлена героем публікацыі

Але ўсё гэта датычыцца гаспадарчых спраў. З палітычнымі зваротамі і петыцыямі сітуацыя іншая.
 — На жаль, у мяне няма прыкладу, каб петыцыі па палітычных пытаннях былі пачутыя ўладай. Але я ўпэўнены, што трэба ствараць іх і далучаць да іх як мага большую колькасць людзей. Кожная петыцыя, кожны зварот і тым больш недарэчныя адказы на іх, гэтыя адпіскі з’яўляюцца сапраўднымі дакументамі, якія ў будучыні стануць падставамі для сур’ёзнай працы. Калі Сцяпан Латыпаў парэзаў сабе горла ў судзе, мне было істотна зрабіць хоць што-небудзь, каб яму дапамагчы. Тады я аднёс на пошту заяву ў пракуратуру і следчы камітэт па факце давядзення да самагубства і заклікаў іншых напісаць такую заяву. Гэта як мінімум дакумент часу.
І яшчэ істотны момант. Мы павінны не толькі патрабаваць праз гэтыя петыцыі і звароты, але і прапаноўваць рабіць нешта самім. Браць на сябе адказнасць. Уладкоўваць свае жыццё. Спрабаваць дамаўляцца з тымі, хто бліжэй з прадстаўнікоў улады. І хто непасрэдна працуе з людзьмі. Калі яны не злачынцы, дыялог патрэбны. Як прыклад — камісія на нашым участку. Яны зрабілі тады свой выбар.

На пытанне, ці разглядае Юры Кулікоў магчымасць палітычнай кар’еры ў будучыні, актывіст адказвае сціпла.
— Калі была запушчаная платформа народных прадстаўнікоў «Сход», куды кожны, хто адчувае ў сабе патэнцыял прадстаўляць пэўны раён, мог запісаць відэазварот і такім чынам стаць удзельнікам імправізаваных выбараў, я скарыстаўся такой магчымасцю. Але ў працэсе запісу зварота ў чарговы раз зразумеў, як цяжка мне даюцца публічныя выступы. Усё-ткі для гэтага варта мець пэўны склад характару. Я дакладна працягну грамадскую дзейнасць, але сам у дэпутаты наўрад ці пайду. Затое з задавальненнем падтрымаю таго, хто будзе мець лідарскія здольнасці і канкрэтныя эфектыўныя прапановы. Упэўнены, у вёсцы Тарасава такія людзі знойдуцца.
Таксама на магчымасць прававога дыялогу разлічвае малады жыхар горада Фаніпаль Ігар (імя героя зменена).
— Я пачаў пісаць звароты ў 2016 годзе, калі маёй маме спатрэбіліся лекі, якія ў Беларусі не былі сертыфікаваныя і не мелі аналагаў. Тады я звярнуўся ў Міністэрства здароўя і атрымаў адэкватны адказ, які можна было выкарыстоўваць на мытні пры ўвозе лекаў. Пасля гэтага выпадку стала зразумела, што зваротамі сапраўды можна вырашаць некаторыя пытанні. Але раней мне падавалася, што гэта інструмент для вырашэння вельмі глабальных спраў. Гэта не так. Пытанні добраўпарадкавання, раскладу руху грамадскага транспарта і іншыя справы, якія можна назваць бытавымі, могуць і павінны вырашацца з дапамогай афіцыйных зваротаў.

Zelyoniy.anton via Wikimedia Commons

Zelyoniy.anton via Wikimedia Commons

Ігар кажа, што ўсю неабходную інфармацыю пра тое, як зрабіць зварот, можна знайсці на афіцыйных сайтах.
— І вядома, трэба разумець, што ўвогуле ўяўляюць сабой органы выканаўчай улады. Што ў кожнага міністэрства ёсць камітэты на месцах. Так і будзе складвацца ў галаве прававы «пазл». Але калі вы памыліцеся і дашлеце запыт не туды, куды патрэбна, то па законе дзяржаўны орган, у які вы звярнуліся, павінен перанакіраваць запыт у інстанцыю, якая зоймецца яго вырашэннем. На жаль, людзі сапраўды часта не ведаюць асноўных элементаў выкарыстання прававых інструментаў. Па-першае, на прававой адукацыі дзеючая ўлада не робіць акцэнт, па-другое, уся інфармацыя пра гэта падаецца занадта складана, канцылярскай мовай, якая вельмі адхіляе простага грамадзяніна ад сутнасці справы. Калі я перачытваю адказы на мае звароты некалькі разоў, то з кожным разам знаходжу ў напісаным новыя сэнсы. Акрамя таго, за зварот трэба ўзяць пэўную адказнасць. Многія людзі гэтага баяцца. І такі страх быў заўважным заўсёды.
Ігар адзначае высокі ўзровень грамадскай актыўнасці жыхароў гораду Фаніпаль.
 — Напрыклад, шэсць гадоў таму, калі сцвярджалі генплан, у ім пазначалася, што так званы «стары Фаніпаль», вялікая колькасць прыватных дамоў павінны быць знесены, а замест іх плануецца пабудова шматкватэрнікаў. Спачатку ўсё была ціха, нібыта нікога з жыхароў асабліва не хвалявала, а потым хтосьці з фаніпальцаў звярнуў на гэты пункт генплана ўвагу, па ўсяму гораду пашлі чуткі, многія медыя напісалі пра пагрозу зносу дамоў… Так дамы і адстаялі. Нічога ў выніку не знеслі. Таксама фаніпальцы праяўляюць салідарнасць, калі забудоўшчыкі здзяйсняюць нападкі на зялёныя зоны і лес. Людзі падпісваюцца пад петыцыямі, пішуць звароты.
Да таго ж у горадзе востра стаіць пытанне дрэнных дарог. Мясцовыя жыхары складалі петыцыю з патрабаваннем таго, каб нармальны асфальт як мага хутчэй быў пакладзены. Гэта было ў красавіку 2020 года. Дарога была адрамантаваная. І сёння асфальтуюцца некаторыя месцы ў Фаніпалі, на якія жыгары гораду звярталі ўвагу ўладаў два-тры гады таму.
— Складанасць у тым, што пытанні, па якіх звяртаюцца людзі, у асноўным датычацца менавіта добраўпарадкавання, а іх патрэбна ўключаць у бюджэт горада. Гэта робіцца на працягу года. Таму на рашэнне пытанняў патрэбен час і цярпенне. Спачатку патрэбна дачакацца, пакуль прыйдзе адказ. Потым яго часта варта абскарджваць. То-бок, гэта патрабуе гатоўнасці да пэўнага змагання. Але пытанні сапраўды могуць быць вырашаныя. Худа-бедна, але вырашаныя.