Кампанія «Гавары праўду»: Улада засакрэціла выдаткі на пошук «дармаедаў»
Улада засакрэціла суму выдаткаў на пошук "дармаедаў". Як паведаміла прэс-служба кампаніі "Гавары праўду", гэта вынікае з ліста намесніка міністра па падатках і зборах Уладзіміра Муквіча на запыт, адпраўлены кампаніяй 2 кастрычніка.
У лісце актывісты прасілі адказаць на пытанні, у што абыходзіцца збор падатку на дармаедства і ці праўда, што гэтая працэдура каштуе падаткаплацельшчыкам даражэй, чым атрыманыя ад "сацыяльных утрыманцаў" сумы.
У адказе лідару кампаніі Андрэю Дзмітрыеву чыноўнік не назваў гэтыя лічбы на той падставе, што яны "не падлягаюць выдаванню ў рамках артыкула 16 закона Рэспублікі Беларусь ад 10.11.2008 "Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі".
"На наш погляд, гэта з'яўляецца ўскосным пацвярджэннем таго, што гэты падатак з'яўляецца на справе марнатраўствам, прыкладам неапраўданых выдаткаў бюджэту, а не сродкам яго напаўнення", — адзначаюць у кампаніі.
Кампанія "Гавары праўду" перакананая, што запатрабаваная інфармацыя, у якой зацікаўлена беларускае грамадства, на справе не падпадае пад закон "Аб дзяржаўнай тайне" і павінна быць прадастаўлена грамадзянам для аб'ектыўнай ацэнкі сітуацыі, якая склалася.
"З улікам складаных эканамічных рэалій, масавых скарачэнняў на дзяржаўных прадпрыемствах лічым гэты падатак несправядлівым. Замест сацыяльнай абароны з грамадзян выціскаюць апошняе. Урад не можа забяспечыць народ працай і прымушае яго плаціць за гэта", — лічаць актывісты.
Яны заклікаюць "адмяніць абразлівы з пункта погляду маральнасці і эканамічна неэфектыўны падатак на дармаедаў", "распрацаваць заканадаўчую базу па ўвядзенні адзінага збору для самазанятых (фрылансераў), забяспечыць сацыяльную абарону асобам, якія страцілі працу, стварыць умовы для развіцця профпераарыентацыі і развіцця малога і сярэдняга бізнесу на месцах".
"Мы звернемся ў парламент з просьбай зрабіць дэпутацкі запыт і паказаць, ці апраўданы гэты збор. Упэўнены, засакрэчаная лічба стане яшчэ адным аргументам на карысць адмены несправядлівага пабору. Яшчэ раз заклікаем урад перайсці ад рэпрэсіўнай тактыкі ў дачыненні да людзей да стварэння ўмоў для развіцця дзелавой, эканамічнай ініцыятывы на ўсіх узроўнях. Прыйшоў час рэформаў", — лічыць Дзмітрыеў.
Як паведаміла 26 кастрычніка намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка, МПЗ накіравала каля 50 тыс. паведамленняў на выплату збору грамадзянам, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў.
Дэкрэт прэзідэнта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства" ад 2 красавіка 2015 года абавязвае асоб (грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны), што не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у памеры 20 базавых велічынь (420 дэнамінаваных рублёў).
Марына Носава, БелаПАН