«Карандаш» адмовіўся друкаваць бэйджы Руху «За Свабоду»

Бэйджы ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў дэпутаты Юрыя Меляшкевіча з лагатыпам Руху «За Свабоду» адмовіўся друкаваць копісалон «Карандаш», які знаходзіцца на вул. Хмяльніцкага.

Юры Меляшкевіч, фота Pyx.by

Юры Меляшкевіч, фота Pyx.by


Сябра Рады Руху Юры Меляшкевіч распавёў сайту Pyx.by пра сітуацыю:
«Карандаш» спачатку надрукаваў бэйджы з інфармацыяй пра маю ініцыятыўную групу, а пасля я прыйшоў з новым макетам, дзе на іншым баку было напісана Рух «За Свабоду», яны адмовіліся рабіць.
Ён патлумачыў, што прадставіў у копісалон вытрымку са статута Руху «За Свабоду», у якой было ўказана пра выбары, а таксама рэгістрацыйны нумар арганізацыі ў Мінюсце. Але ўсе гэтыя доказы таго, што арганізацыя — зарэгістраваная, не паспрыялі друку матэрыялаў.
«З аднаго пункту гледжання, гэтая практыка звязаная з агульнай атмасферай страху, якая вельмі вялікая. З другога яны павінны забяспечваць выкананне паслугаў», — адзначыў Меляшкевіч.
Ён адзначыў, што такое стаўленне абмяжоўвае ягоныя правы як прэтэндэнта ў дэпутаты, а таксама права грамадзянаў на атрыманне інфармацыі, і абсалютна не абгрунтаванае.
Меляшкевіч накіраваў скаргу на дзеянне супрацоўнікаў кіраўніцтву кампаніі, якую будуць разглядаць на працягу месяца, а таксама плануе звярнуцца за тлумачэннямі ў ЦВК.
Пры гэтым, хаця агулам з "Карандашом" і раней былі праблемы па палітычных прычынах, але менавіта ў гэтым канкрэтным салоне такога не назіралася. «Думаю, што згубяць многа кліентаў, такія паводзіны не будуць спрыяць бізнесу», — заключыў сябра Рады Руху.
Вольга Быкоўская,  Pyx.by