Фотафакт: у Брэсце для мясцовага ТБ інсцэніравалі чаргу жадаючых падпісацца за праўладнага прэтэндэнта ў кандыдаты
Ініцыятыўная група па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты кіраўніка гарадской арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганны Канюс 16 ліпеня стала сведкам таго, як для дзяржаўнага тэлебачання ствараецца «карцінка» нібыта папулярнасці праўладных вылучэнцаў.
![brest_zbor_tv_1.jpg brest_zbor_tv_1.jpg](/img/v1/userfiles/images/brest_zbor_tv_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ля ўваходу на брэсцкі рынак «Лагуна» перад пачаткам пікета сябры ініцыятыўнай групы пабачылі пусты намёт з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым дырэктар рынка Наталля Ільніцкая спрабавала даваць ўказанні, дзе сацыял-дэмакраты мусяць выставіць свае стэнды. Дзесьці праз гадзіну каля таго самага намёту пачаўся нейкі рух, прыехала здымачная група мясцовага дзяржаўнага тэлебачання.
![brest_zbor_tv_2.jpg brest_zbor_tv_2.jpg](/img/v1/userfiles/images/brest_zbor_tv_2.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Як толькі была ўключана відэакамера, раптам сабралася чалавек дзесяць, каб паставіць свае подпісы за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3 галоўнага лекара абласнога радзільнага дома Анатоля Дашко. У гэтай чарзе знаходзіліся супрацоўнікі рынку і вядомыя асобы, як, напрыклад, былы кіраўнік ідэалагічнага аддзела гарвыканкама. Калі відэакамера была выключана, чарга адразу некуды знікла.
![brest_zbor_tv_3.jpg brest_zbor_tv_3.jpg](/img/v1/userfiles/images/brest_zbor_tv_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«У адрозненні ад вылучэнцаў ад уладаў мы працуем адкрыта, у нас няма кішэннага тэлебачання і галоўнае для нас — людзі, — адзначыла лідар брэсцкіх сацыял-дэмакратаў Ганна Канюс. — На нашых пікетах рэгулярна адбываецца дыскусія і нават гарачыя спрэчкі, але ўсё гэта шчыра і па-сапраўднаму. Я ўдзячная жыхарам горада за падтрымку, парады, шчырыя пажаданні і нават за крытыку».
![brest_zbor_tv_4.jpg brest_zbor_tv_4.jpg](/img/v1/userfiles/images/brest_zbor_tv_4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сацыял-дэмакраты ў Брэсцкай вобласці зарэгістравалі 11 ініцыятыўных груп. Штодня яны ладзяць пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне сваіх кандыдатаў на вуліцах, а таксама наведваюць выбаршчыкаў па месцы жыхарства.
Паводле "Праваабаронцы за свабодныя выбары"