Кардынала Казіміра Свёнтка ўшануюць на паштоўцы
Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі ў абарачэнне будзе выпушчаная паштоўка з выявай вядомага дзеяча рымска-каталіцкай царквы, кардынала Казіміра Свёнтка (1914-2011).
Як паведамляе Catholic.by, 30 верасня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусціць y абарачэнне паштоўку з арыгінальнай маркай, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка. Паштоўка будзе надрукаваная аб’ёмам 30 тысяч асобнікаў. Яе гашэнне запланаванае на 21 кастрычніка.
На марцы паказаны біскупскі пастарал. На паштоўцы — выява кардынала Казімера Свёнтка, змешчаная на фоне касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.
Пад ёй надпіс — «Шукайце таго, што ў вышынях». Мастаком паштоўкі і спецштэмпеля выступіў Уладзімір Васюк.
21 кастрычніка ў 18.30 y мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца святая Імша з нагоды 100-годдзя кардынала.
Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было тры гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. у пінскай катэдры ён прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і быў скіраваны на служэнне ў Пружаны.
У выніку пераследу рэлігіі быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смертнікаў. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.
Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць святую Імшу ў касцёле. Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка была адбудавана пінская катэдра.
Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі.
Пастырская актыўнасць кс. прэлата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.
Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне. Ён візітаваў парафіі, устанаўліваў дэканаты, ствараў патрэбныя для Касцёла структуры, бараніў правы вернікаў, актыўна ўдзельнічаў у Сінодзе Біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Быў сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння ў Беларусі.
У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надаў яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле, што стала прызнаннем заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры, а таксама прызнанне пазіцыі Касцёла ў Беларусі і яго ролі ў сусветным Касцёле.
11 лютага 1999 г. кардынал быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — гэта падкрэсліла яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.
27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтку спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.
4 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.
Адышоў у вечнасць 21 ліпеня 2011 г.