Шварцэнберг: “Я не супраць працы з самымі дзіўнымі рэжымамі дзеля...

Удзельнікі адмысловага круглага стала сышліся ў думцы, што расстрэлы ў Беларусі павінны быць адмененыя, але як гэта зрабіць — адзінага меркавання няма.



У межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” на круглым стале ў Мінску сабраліся вядомыя беларускія праваабаронцы, літаратары ды еўрапейскія дыпламаты (у тым ліку, амбасадар Ватыкана — архіепіскап Клаўдыё Гуджэроці). Асаблівым госцем стаў экс-міністр замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг.

Сустрэча адбывалася ў фармаце дыскусіі: ўдзельнікі круглага стала выказвалі свае меркаванні наконт ужывання смяротнага пакарання ў Беларусі і магчымых механізмаў яго адмены. Першым слова ўзяў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, які таксама з’яўляецца кіраўніком беларускага ПЭН-цэнтра — дарэчы, менавіта ПЭН-цэнтр прадставіў арганізацыйную пляцоўку для гэтай дыскусіі. Андрэй Хадановіч паразважаў пра крокі, якія могуць зрабіць прадстаўнікі сферы культуры — літаратары, музыкі, артысты — для адмены смяротнага пакарання. Ён расказаў, што многія пісьменнікі запісвалі публічныя відэазвароты з заклікам адмяніць смяротнае пакаранне, як выбітныя  беларускія музыкі выступалі з супольным праектам “Апошні золак”, кожная з песень якога, па словах Хадановіча, чапляе за жывое, спрабуе давесці, што смяротнае пакаранне – гэта кашмарная анамалія. Кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч падтрымаў свайго калегу і заклікаў усіх дзеячоў культуры, асабліва пісьменнікаў, падчас публічных выступаў  ці сустрэч са сваімі прыхільнікамі ўздымаць пытанне адмены смяротнага пакарання.

Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, публіцыст Алесь Бяляцкі назваў смяротнае пакаранне вынікам сталінскай эпохі і сталінскай спадчыны. “Таксама варта разумець, што вайна, якая цяпер ідзе побач з Беларуссю, паніжае стандарты і каштоўнасць чалавечага жыцця. Гэтае абясцэньванне жыцця, калі штодня побач гінуць людзі, не павінна паніжаць стандарты для нас. Беларуская культура і беларуская літаратура заўсёды шукала чалавечнасць нават у самых неспрыяльных сітуацыях, беларуская літаратура — гэта змаганне за чалавека цывілізаванага, за чалавека еўрапейскага. Я спадзяюся, наш голас будзе пачуты беларускімі ўладамі і ўрэшце мы даможамся адмены смяротнага пакарання”, — зазначыў Алесь Бяляцкі. Амбасадар Чэхіі Мілан Экерт распавёў акалічнасці адмены смяротнага пакарання ў сваёй роднай краіне (апошні смяротны прысуд у Чэхіі быў выкананы 25 гадоў таму). Ён нагадаў, што смяротнае пакаранне ў Чэхіі было адменена пасля “аксамітнай рэвалюцыі”, і гэта была замацавана Канстытуцыяй. “Адмена, аднак, не адбылася ў выніку ўсенароднага рэферэндума, гэта была заслуга адзінак з гуманістычным мысленнем — такіх, як Вацлаў Гавал. Смяротнае пакаранне адносіцца да таго тыпу праблемаў, дзе палітыкі павінны бачыць далей за грамадзянаў і, нягледзячы на папулізм, прыводзіць свае рашэнні ў выкананне”, — падсумаваў Экерт.
Ганаровы госць круглага стала Карэл Шварцэнберг падкрэсліў неабходнасць аддзяляць праблему смяротнага пакарання ад палітычных пытанняў. “Мы павінны тлумачыць кіраўнікам дзяржаваў з спецыфічным поглядам на свет, што смяротнае пакаранне непатрэбнае, што адмена пакарання будзе карысная для іх рэпутацыі і ў той жа час не будзе ставіць пад пагрозы асновы іх кіравання. Мы павінны захоўваць жыцці, таму я не супраць працаваць нават з самымі дзіўнымі рэжымамі дзеля адмены смяротнага пакарання, нават калі яны гэта будуць рабіць выключна для паляпшэння свайго іміджу”.
Карэл Шварцэнберг пяпярэдзіў прысутных, што адмена смяротнага пакарання — гэта непапулярная тэма ў грамадстве: “Асабліва калі ў СМІ публікуецца інфармацыя, напрыклад, пра зверскія забойствы дзяцей, адразу ўзмацняюцца пазіцыі прыхільнікаў смяротнага пакарання. Вялікая колькасць людзей і ў еўрапейскіх краінах працягвае падтрымліваць такі тып пакарання, і адмяніць яго праз рэферэндум складана. Як толькі людзі пачынаюць выступаць з ініцыятываю адмены смяротнага пакарання, яны адразу страчваюць сваю папулярнасць, іх абвінавачваюць у тым, што яны стаяць на баку злачынцаў. Гэтая барацьба складаная, але патрэбная”. 
Амбасадар Яе Вялікасці Брус Бакнэл пацьвердзіў словы Карэла Шварцэнберга лічбамі – так, на дадзены момант за смяротнае пакаранне выступае каля 45% брытанцаў (у Вялікабрытанніі смяротнае пакаранне было адменена 30 гадоў таму), сярод моладзі гэты працэнт меншы, але ўсё адно значны – каля 30%. Бакнэл выказаў спадзеў, што колькасць прыхільнікаў смяротнага пакарання будзе паступова зніжацца ў наступных пакаленнях.
Часова Павераны ў справах Рэспублікі Балгарыя ў Беларусі Івайла Іваноў скептычна паставіўся да ідэі правядзення рэферэндума ў Беларусі. Па меркаванні дыпламата, наогул публічныя абмеркаванні гэтай тэмы — контрпрадуктыўныя, варта выкарыстоўваюць іншы спосаб – далікатныя і канфідэнцыяльныя кантакты з асобнымі беларускімі чыноўнікамі высокага рангу.
Эмацыйныя выступы вядомых беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Арлова і Адама Глобуса, а таксама Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Клаўдыё Гуджэроці не пакінулі прысутных абыякавымі. Архіепіскап Клаўдыё Гуджэроці ў чарговы раз нагадаў, што Каталіцкая царква адносіць да смяротнага пакарання не толькі вынясенне смяротных прысудаў ад імя дзяржавы злачынцам, але і забойствы ненароджаных дзяцей — аборты, якія ўспрымаюцца многімі ў сучасным грамадствам як перамога прагрэсіўнай супольнасці.
У адмысловым каментары “Новаму Часу” Клаўдыё Гуджэроці прызнаў, што цяжка растлумачыць, чаму ў краіне з глыбокімі хрысціянскімі каранямі — Беларусі — настолькі моцныя пазіцыі прыхільнікаў смяротнага пакарання, у тым ліку, абортаў: “З аднаго боку, фундаментальныя прынцыпы адназначныя, з іншага боку, ужыванне гэтых прынцыпаў вельмі залежыць ад культуры, ад публічнага меркавання, мас-медыя, ад канкрэтнага культурнага і гістарычнага моманту, у які мы жывем”.
Паводле Гуджэроці, асноўны спосаб вырашыць праблему смяротнага пакарання ў Беларусі — гэта адукаванне людзей. Апостальскі Нунцый заклікаў глыбока аналізаваць праблематыку, не скатваючыся ў дэмагогію і папулізм: “У гэтай сітуацыі можа дапамагчы ўсё тое, што выклікае глыбокі роздум і дыскусіі над такімі важнымі пытаннямі. Любая радыкальная пазіцыя без разумення далікатнасці і своеасаблівасці гэтай сітуацыі – гэта падыход, якія не дапамагае знайсці прадуктыўнае рашэнне. Альбо грамадства ўзрастае разам, альбо не ўзрастае ніхто. Быць можа ёсць нейкія рухі і жэсты канкрэтных асобаў, якія ў ў гісторыі будуць ацэненыя як прароцкія, але галоўнае, каб уся супольнасць разумела, што трэба працаваць разам, каб у гэтым грамадстве стала лепш жыць”.
“Тыдзень супраць смяротнага пакарання” ў Беларусі працягнецца да 10 кастрычніка: 9 кастрычніка (чацьвер) адбудзецца прэзентацыя кнігі “Кому нужна смертная казнь”, а ў дзень закрыцця Тыдня — ўласна 10 кастрычніка (пятніца) пройде  завяршальная прэс-канферэнцыя ў удзелам вядомай праваабаронцы Тамары Чыкуновай.