Касінерава выпускаюць з СІЗА

Адвакат Вячаслава Касінерава паведаміў па тэлефоне сяброўцы затрыманага, што актывіста маюць вызваліць сёння з менскага СІЗА № 1 на Валадарскага, хоць раней суд у гэтым адмаўляў.

Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота www.svaboda.org

Вячаслаў Касінераў, архіўнае фота www.svaboda.org

«Толькі што адвакат павёз пастанову пра вызваленне, яшчэ нічога не зразумела, — кажа “Радыё Свабода” сяброўка Касінерава Марына, якая едзе да СІЗА. — Адвакат толькі сказаў, што выпускаюць — я так разумею, пад падпіску, але падрабязнасці буду ведаць пазней».

Супраць Касінерава распачалі крымінальную справу за перформанс, падчас якога Вячаслаў Касінераў накінуў пятлю на статую паліцыянта часоў Расійскай імперыі, устаноўленую каля будынка Міністэрства ўнутраных спраў. Разгляд крымінальнай справы меўся пачацца ў Маскоўскім судзе Мінску а 10-й гадзіне 27 красавіка.

Суд Маскоўскага раёну 6 красавіка ў закрытым рэжыме разгледзеў скаргу актывіста на меру стрымання. Але тады суд адмовіўся вызваліць актывіста пад падпіску аб нявыездзе і пакінуў яго пад вартай.

9 беларускіх праваабарончых арганізацыяў у сумеснай заяве назвалі Касінерава палітычным зняволеным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць крымінальны пераслед і неадкладна вызваліць актывіста.

www.svaboda.org