Суд над Міхаілам Жамчужным: вытворчасць па справе спыненая
Суд па пераводзе праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага з калоніі на турэмны рэжым утрымання працягнуўся 21 красавіка ў судзе Барысаўскага раёна.
Як перадае з Барысава праваабаронца Таццяна Равяка, адміністрацыя папраўчай калоніі №14, дзе адбывае пакаранне Міхаіл Жамчужны, не даставіла палітвязня ў суд, на судовае паседжанне прадстаўнікі ПК таксама не з’явіліся. Стала вядома, што адміністрацыя калоніі адклікала сваю заяву на турэмны рэжым утрымання. Неўзабаве суд прыме рашэнне наконт адклікання заявы калоніі.
Суддзя Яўген Манышаў задаволіў прадстаўленне папраўчай калоніі, вытворчасць па справе аб пераводзе Жамчужнага ў турму спыненая.
Першае судовае пасяджэнне па гэтай справе адбылося 2 сакавіка на тэрыторыі папраўчай калоніі №14, дзе палітвязень адбывае пакаранне і, нягледзячы на папярэдне пададзеныя заявы ў суд праваабаронцаў Паўла Сапелкі, Валянціна Стэфановіча, Алега Мацкевіча і Таццяны Рэвякі аб прысутнасці іх на адкрытым працэсе, у суд яны не былі дапушчаны. Суддзя Манышаў матываваў адмову неабходнасцю атрымання дазволу на наведванне тэрыторыі калоніі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў.
Другое пасяджэнне па справе прайшло ў адкрытым рэжыме 23 сакавіка. Пасля пачатку працэса зняволены заявіў шэраг хадайніцтваў, якія былі часткова задаволеныя суддзёй Яўгенам Манышавым. У тым ліку хадайніцтва аб выкліку і апытанні ў судзе зняволеных, якія сведчылі, што Міхаіл Жамчужны нібыта парушаў нейкія правілы ўнутраннага распарадку, у сувязі з чым ён прыцягваўся да дысцыплінарнай адказнасці, а таксама аб апытанні ў судзе і супрацоўнікаў калоніі, якія складалі матэрыялы на ўсе гэтыя дысцыплінарныя спагнанні.
Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.