Вольга Мікалайчык: «Мяне фактычна загналі ў кут»

Судовыя выканаўцы праз суд дамагаюцца магчымасці ўвайсці ў дом актывісткі і апісаць яе маёмасць.

b84c6874_b504_4fc1_b9f0_72bbd9fbe9fe_w1023_r1_s.jpg


21 красавіка ў Першамайскім раённым судзе Мінску пачаўся разгляд патрабавання судовых выканаўцаў Першамайскага раёну Мінску да грамадскай актывісткі, рэжысёркі дакументальнага кіно Вольгі Мікалайчык. Судовыя выканаўцы Сямёнаў і Алісевіч патрабуюць ад актывісткі доступу ў яе дом на вуліцы Алейнай.

На пасяджэнні судовы выканаўца Дзмітры Сямёнаў паведаміў суду, што ён і калегі больш за 3 разы прыходзілі ў дом Вольгі Мікалайчык, але ён быў зачынены, а гаспадыня адсутнічала. Прыйсці да Вольгі Мікалайчык трэба, каб апісаць маёмасць, якая знаходзіцца ў доме. Навошта? Паводле выканаўцаў, актывістка не плаціць прысуджаных ёй штрафаў, на ейны дом накладзены арышт, а вось маёмасць пакуль не апісаная.

Вольга Мікалайчык заявіла на гэта ў судзе, што маёмасць у доме, у тым ліку мэбля, лыжкі ды сервізы, належыць яе маці, якая жыве за горадам. Сама Вольга не хаваецца ад выканаўцаў, але мусіць жыць па знаёмых, бо дом не ацяпляецца — у ім сапсаваная ацяпляльная сістэма. Вольга хацела адрамантаваць дом ды прадаць, ужо была заключаная дамова з рамонтнікамі, але дом арыштавалі.

«Мяне фактычна загналі ў кут. Дом арыштаваны, прадаць яго не магу, а штрафаў назапасілася на некалькі тысяч даляраў. Зарабіць гэтыя грошы я не ў стане, мяне на працу не бяруць праз маю грамадзянскую пазіцыю. А штрафы зноў і зноў даюць велізарныя. Вось пабыла ў Курапатах — зноў далі 50 базавых, а гэта 500 даляраў. Дык што рабіць? Раней я плаціла штрафы, а цяпер зусім няма грошай», — даводзіла суду актывістка. Таксама Вольга Мікалайчык аспрэчыла адзін з дакументаў судовых выканаўцаў — у ім ад яе патрабуюць сплаціць адзін і той жа штраф двойчы.

Суддзя Аксана Свірыдовіч прыняла кампраміснае рашэнне: узяла ад Вольгі Мікалайчык абавязанне дазволіць судовым выканаўцам прыйсці да яе ў дом раніцай 26 красавіка, а за гэты час дала ёй магчымасць дадаць у справу дамову, паводле якой 2 гады таму маці актывісткі падарыла ёй дом на вуліцы Алейнай, але без маёмасці. Судовае пасяджэнне адновіцца 27 красавіка.

На суд, каб падтрымаць Вольгу Мікалайчык, прыйшло шмат вядомых актывістаў і праваабаронцаў,у тым ліку Кацярына Садоўская, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў ды іншыя. Перад працэсам людзі абураліся тым, што ўлады пераследуюць Вольгу за яе палітычную барацьбу.

Пасля пасяджэння актывістка так пракаментавала справу, якую распачалі супроць яе судовыя выканаўцы:

«Ім патрэбныя не мае штрафы, ім патрэбна маё грамадскае жыццё, каб я яго спыніла, перастала змагацца. Арышты, непадʼёмныя штрафы, канфіскацыя маёмасці — такія кошт устанавіла дзяржава за змаганне ў Беларусі за свае правы, за незалежнасць, супраць дыктатуры. Ад нас дамагаюцца ня проста, каб супакоіліся, а каб з’ехалі за мяжу ці ўвогуле кудысьці зніклі. Але заяўляю, што я ня здамся», — сказала Мікалайчык.

Вольга Мікалайчык — вядомая грамадская актывістка, якая цягам апошніх больш як 5 гадоў шмат разоў брала ўдзел у акцыях пратэсту, пікетах салідарнасці з палітвязнямі, іншых вулічных акцыях. У тым ліку за ўдзел у Дні Волі Вольга адбыла адміністрацыйны арышт на Акрэсціна.

www.svaboda.org