Кінакрытык пра ідэалагічны мультфільм пра дзяржаўныя святы
У кінатэатрах Беларусі з 27 лютага ідзе паказ мультфільма «Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў». Гэта кароткі альманах з шасці ўзаемазвязаных мікрагісторый, створаны на анімацыйнай студыі «Беларусьфільм» на замову Міністэрства культуры да Дня Канстытуцыі 15 сакавіка. За 17 хвілін калектыў аўтараў расказвае школьнікам пачатковых класаў усю сутнасць ідэалогіі і каштоўнасцяў, на якіх грунтуецца беларуская дзяржава. Кінакрытык Тарас Тарналіцкі на Еўрарадыё расказвае, як улады з дапамогай анімацыі ўзяліся за прамыўку мазгоў школьнікаў.

У чым нельга адмовіць сённяшняму кіраўніцтву “Беларусьфільма”, дык гэта ў памкненні стрымаць дадзенае слова перад уладай.
Вось абяцаў былы ідэолаг Гарадзеншчыны Юрый Аляксей пасля прызначэння на пасаду гендырэктара, што створыць з дзяржстудыі “інструмент для патрыятычнага выхавання” — і ўсё так і атрымалася.
Нават, стала яшчэ горш — дабраліся, нарэшце, да самай юнай і неабароненай аўдыторыі.

Кадр з мультфільма "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў" / РУП "Беларусьфільм"
Раней як было — прапаганда існавала ў прасторы ігравога і, эпізадычна, дакументальнага кіно. І стваралася з разлікам на моладзь і дарослых людзей: вучняў старэйшых класаў, студэнтаў, жаўнераў тэрміновай службы, працоўных бюджэтных дзяржпрадпрыемстваў. Усіх, каго можна прымусіць прыйсці ў кінатэатр ці пасадзіць перад тэлевізарам, адабраўшы пульт.
Для іх ствараліся стужкі пра бравых вайскоўцаў, непераможных міліцыянераў, прапагандыстаў з галівудскім лёсам — выходзіла ўсё, што патрабавала Адміністрацыя прэзідэнта.

Кадр з мультфільма "Мемарыяльныя комплексы Беларусі" / РУП "Беларусьфільм"
Адзіным амаль некранутым напрамкам для асветы, культуры і мастацтва заставалася дзіцячая анімацыя, у якую толькі з 2015 года пачала прасочвацца ваеннае тэма. Але ва ўмовах палітычнага крызісу і вайны апошніх часоў брудныя пальцы прапаганды ўлезлі цалкам і туды.
І вынік гэтага ўварвання ўжо бачны. У мінулым годзе частка мультыплікатараў, якая засталася на студыі, выдала альманах “Мемарыяльныя комплексы Беларусі” — гэтакі гібрыд спалучэння класічнай тэледакументалістыкі і анімацыі ў розных мастацкіх тэхніках.
У ім дзецям амаль гадзіну апавядаюць максімальна спрошчаныя і прасякнутыя сучаснымі ідэалагемамі гісторыі пра “генацыд беларускага народа”. Робяць гэта праз пяць гісторый помнікаў пра Другую сусветную вайну: комплекс “Прарыў” у вёсцы Ушачы, комплекс “Ола” пад Светлагорскам, помнік аперацыі “Баграціён” і г.д.
Глядзіце таксама

Але калі цвяроза паразважаць, у чым дадатковая карысць праекта, наўрад ці хто зможа патлумачыць. Было жаданне прывіць дзецям настолькі застарэлы патрыятызм? Дык лепш проста звазіць і паказаць гэтыя помнікі жыўцом. Так у іх хаця б застануцца прыемныя ўражанні ад сумеснай паездкі з сябрамі, а не ўспаміны ад прымусовых праглядаў эксперыментальнага праекта з драматургіяй і сюжэтам, якія тут цалкам адсутнічаюць.
Крыніца: Киностудия Беларусьфильм [ youtube ]
Сёлета, пад Дзень Канстытуцыі, студыя выпусціла новы, яшчэ больш палітызаваны анімацыйны альманах з грувасткай і бюракратычнай назвай “Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў”.
Яго мастацкім кіраўніком выступіла Алена Турава, дачка Віктара Турава, якая апошнім часам стварыла для студыі некалькі мультыплікацыйных паўнаметражак (“Песня Сірын” і “Зоркі Сёмага неба”).
Да гэтага праекта таксама ўзнікла канцэптуальнае пытанне — як пад адным дахам аб’яднаць аповед пра шэсць дзяржсвятаў: Дзень Канстытуцыі, Дзень перамогі, Дзень незалежнасці, Дзень дзяржсімвалаў (сцяг, гімн, герб), Дні народнага адзінства і яднання народаў Беларусі і Расіі? Ды яшчэ і дзецям патлумачыць?
Аўтары знайшлі падыход праз “традыцыйныя каштоўнасці”. Яны запакавалі ідэалогію ў абгортку сямейнай гісторыі, дзе тата, маці і дзядуля паэпізодна расказваюць малой дачцы і сыну што да чаго.

Кадр з мультфільма "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў" / РУП "Беларусьфільм"
І калі школьнікі прагляд мультфільма забудуць гэтак жа хутка, як чарговую сторыс у TikTok, то іх больш дасведчаных бацькоў чакае шмат неспадзяваных і непрыемных сюрпрызаў.
Напрыклад, у эпізодзе пра Канстытуцыю аўтары расказваюць, што ёсць галоўны закон і яго трэба прытрымлівацца. Нібыта слушная думка, але ў сённяшнім грамадскім кантэксце, дзе ў краіне пяты год дзейнічае негалоснае правіла “не да законаў”, яна выглядае сумнай іроніяй.
Глядзіце таксама

Яшчэ больш няёмка сябе адчуваеш, калі глядзіш гісторыі святаў-новадзелаў. Так, Дзень народнага адзінства аўтары прадстаўляюць як фільм-катастрофу, дзе зямля пад нагамі беларусаў расколваецца на дзве часткі.
Але пры якіх умовах адбылося аб’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе і чаму падзея раптоўна ўсплыла ў 2021 годзе, ніхто не хоча тлумачыць. Замест гэтага аўтары хлусяць, што свята адзначаюць менавіта з тых далёкіх часоў.
Дарэчы, хлусня — адзін са сувязных элементаў мультфільма. Аўтары зняпраўджваюць усе, што толькі могуць.

Кадр з мультфільма "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Каляндар святаў" / РУП "Беларусьфільм"
Што Дзень Незалежнасці заўсёды святкаваўся 3 ліпеня, нібы свята 27 ліпеня — падпісання Дэкларацыі незалежнасці Беларусі — не існавала і не праводзілася пяць гадоў, з 1991 па 1996 год.
Хлусяць і пра дзяржаўны герб і сцяг, нібыта гэтыя савецкія сімвалы былі ў беларусаў спрадвеку, а не былі навязаныя спачатку рэпрэсіўнай камуністычнай уладай, а потым вернутыя рэжымам Лукашэнкі праз сфальсіфікаваны рэферэндум 1996 года.
Апафеозам зняпраўджвання гісторыі можна лічыць эпізод пра свята Яднання беларускага і расійскага народаў. Аўтары параўноўваюць дзве краіны як дзве лялькі, паміж якімі нібы вельмі шмат агульнага, чым рознага, так і называючы гэты прымусовы саюз двух аўтакратаў — адзіная вялікая сям’я.
Ад “Календара святаў” за вярсту смярдзіць водарам рускамірства і ліслівасці да савецкай гісторыі. Пра існаванне іншых суседзяў, акрамя Расіі, і гісторыі па-за межамі СССР аўтары нават не спрабуюць згадваць, бо небяспечна, крамольна, не ўзгоднена.

Кадр з мультфільма "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. Календар святаў" / РУП "Беларусьфільм"
Аўтары намалявалі ў альманаху матрыцу праўладнага светапогляду, якая існуе толькі ў галовах ідэолагаў — і насамрэч больш нідзе. І зараз паласкаюць гэтай ахінеяй галовы дзецям.
Чатыры гады таму я размаўляў з адным аўтарам гэтага мультфільма, які патлумачыў, што не звальняецца з “Беларусьфільма” з разлікам на кампраміс. Бо паміж агіднай дзяржзамовай можа быць шчыліна — магчымасць зрабіць якасную мастацкую працу. Ужо тады такое тлумачэнне выглядала не пераканаўча, а цяпер увогуле пачварна.
Як аніматары, якія ствараюць настолькі прымітыўны і, будзем шчырымі, халтурны па візуальнай частцы мультфільм, потым збіраюцца тлумачыць новаму пакаленню гледачоў, навошта яны ім так безадказна хлусілі ў вочы? Каб застацца на працы і працягваць гуляцца ў мастацтва?
Брыдка, проста брыдка.