Кіраўнік EPAM заклікаў улады не караць людзей за перакананні і першымі пачаць дыялог

Кіраўнік ЕРАМ Аркадзь Добкін выказаўся пра адʼезд талентаў з Беларусі і неабходнасць дыялогу ўлады з грамадствам, які мог бы пачацца са спынення пераследу за перакананні, паведамляе Свабода.

snimok_ekrana_2019_09_25_v_15.38.53.jpg

Кіраўнік ЕРАМ Аркадзь Добкін у інтэрв'ю dev.by выказаўся пра адʼезд талентаў з Беларусі і неабходнасць дыялогу ўлады з грамадствам, які мог бы пачацца са спынення пераследу за перакананні. Прыводзім некаторыя цытаты.
«Я думаю, сітуацыя сёння вельмі сурʼёзная. Перш за ўсё з пункту гледжання страты таленту. Амаль год таму я выказаў меркаванне, што гэта можа быць самым значным зыходам таленту з Беларусі. На жаль, імавернасць гэтага толькі павялічылася. Гэта вельмі і вельмі сумна.
EPAM не збіраўся і не збіраецца сыходзіць ці закрывацца ў Беларусі. Найперш таму, што мы як кампанія з сурʼёзнай адказнасцю перад супрацоўнікамі, кліентамі, акцыянерамі і краінай, падыходзім да сітуацыі рацыянальна і стараемся пакідаць эмацыйныя аспекты па-за полем прыняцця рашэння.
Паводле нашых прыкідак, ужо з'ехала каля 10—15% людзей з індустрыі. Можа з'ехаць яшчэ столькі ці болей. З семʼямі, з дзецьмі-падлеткамі і студэнтамі, якія ўжо не прыйдуць у ВНУ і не прыйдуць у кампаніі ў Беларусі. Гэта вялікія страты таленту і ўсяго таго, што з імі звязана. І вельмі цяжкаўзнаўляльныя страты. І, вядома ж, вялізны падарунак суседзям.
Зыход людзей прымушае кампаніі ўсё больш задумвацца пра сваю прысутнасць у краіне. Няма чалавечага капіталу — няма бізнесу. Зыход кампаній прымушае людзей яшчэ больш думаць пра эміграцыю. Не будзе кампаній з рэпутацыяй і даверам кліентаў — не будзе цікавай і кваліфікаванай працы.
Што значыць тады рацыянальнасць з гледжання ўлады? Перш за ўсё, відаць, гэта перагляд пытання да пакарання людзей за іх перакананні і за мірнае выражэнне гэтых перакананняў, за іх сумленную прафэсійную дзейнасць, уключна са спыненнем адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу гэтых катэгорый грамадзян.
Гэты крок крытычна важны.
Ён дазволіць прынамсі спыніць зыход людзей з пачуцця страху і пачуцця неабароненасці, у нейкай ступені адчаю і неразумення, за што можна сёння быць пакараным адміністрацыйна ці крымінальна.
Гэта дазволіць і бізнесу перастаць баяцца за людзей і засяродзіцца найперш на бізнесе, кліентах і захаванні яшчэ не страчанага даверу. Безумоўна, неапраўданыя прэтэнзіі да бізнесу таксама ніяк не дапамагаюць, але ў дадзенай сітуацыі гэта ўжо, хутчэй за ўсё, другасна. Бо бізнес — гэта перш за ўсё людзі.
Гэта, напэўна, і ёсць аснова для пачатку дыялогу.
Чаму менавіта ўлада павінна зрабіць гэты першы крок? Пэўна, перш за ўсё таму, што ў яе ёсць улада».
Кампанія ЕРАМ уваходзіць у эліту сусветнай ІТ-індустрыі, яе падраздзяленні працуюць у 40 краінах, дзе працуюць звыш 40 тысяч чалавек (з іх 10 тысяч — у Беларусі).
9 жніўня падчас прэс-канфэрэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «нейкі EPAM і іншыя, Добкін або Дробкін» пералічвалі грошы на пратэставыя акцыі. І заявіў, што дзяржава павінна бачыць «усе фінансавыя патокі».