Кіраўнік КДБ: Беларусь накіравала ў ЗША, Літву і Украіну запыты на экстрадыцыю па «справе аб дзяржаўным перавароце»

З КДБ Беларусі накіравалі запыты ў Злучаныя Штаты, Літву і Украіну на экстрадыцыю падазраваных па справе аб спробе дзяржаўнага перавароту. Пра гэта паведаміў выданню Sputnik кіраўнік КДБ Іван Церцель.

treaties_citiz.jpg

Аб чыёй менавіта экстрадыцыі просіць КДБ Беларусі, Церцель не паведаміў. Таксама ён не сказаў, колькі гэтых людзей. Паводле яго слоў, у запытах «названы ўсе падрабязнасці, пазначана ўсё, што неабходна высветліць на тэрыторыі гэтых дзяржаў вычарпальна».
«Мы чакаем ад нашых амерыканскіх партнёраў адпаведныя адказы. Спадзяемся, што яны будуць. Акрамя таго, запыталі экстрадыцыю дадзеных асоб на сваю тэрыторыю для таго, каб даць ім прававую ацэнку ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам», — удакладніў Іван Церцель.
«Калі адказаў няма, або прымаецца рашэнне не экстрадаваць (дадзеных асоб), то гэта таксама пэўная інфармацыя, якую варта ўлічваць і на пэўныя разважанні яна наводзіць», — дадаў кіраўнік КДБ.
У далейшым ён паабяцаў дзейнічаць больш жорстка, калі «будуць такія намеры». У прыклад ён прывёў спецслужбы ЗША і Ізраіля.
«Мы папярэджваем, калі будуць такія намеры, а мы ведаем, што гэта (расследаванне - Sputnik) асобных асоб не спыніла, мы будзем дзейнічаць яшчэ больш жорстка. І калі спатрэбіцца, то ў такой жа практыцы, як дзейнічаюць іншыя спецслужбы, у тым ліку, ЗША, Ізраіль і іншыя краіны. Кровапраліцця мы не дапусцім. Калі ўсё ж на нашай тэрыторыі пральецца кроў, мы будзем дзейнічаць карэктна згодна практыцы спецслужбаў па ўсім свеце», — рэзюмаваў кіраўнік КДБ.
tut.by