Колькасць даследчыкаў у Беларусі ўпала да ўзроўню 1960-х
Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў Facebook дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
«Па выніках 2020 года адбылося рэкорднае скарачэнне колькасці навуковых работнікаў (даследчыкі і тэхнікі) у Беларусі да 18 355 чалавек», — падлічыў эксперт.
Паводле слоў Андрэя Казакевіча, «гэта мінімальны ўзровень спецыялістаў, занятых у даследчым сектары, за ўвесь перыяд незалежнасці і два апошнія дзесяцігоддзі ў складзе БССР. Калі быць дакладным, то менш, чым у 2020 годзе, даследчыкаў у нас у краіне было толькі да 1968 года».
«Тэмпы падзення таксама былі рэкорднымі. У 2020 годзе колькасць спецыялістаў скарацілася на 7,4% (амаль на паўтары тысячы), пабіўшы сумны рэкорд 2014 года (-6,3%). І гэта самае рэзкае падзенне ў сектары з 1995 года (-9,5%)», — адзначае Казакевіч.
«2021 год таксама нічога добрага для даследчага сектара не нясе, як падаецца», — лічыць эксперт.