Крокі, малюнкі, ежа. Што ратуе, калі зусім цяжка — праверана на сабе


Галоўнае, што ўдалося ўсвядоміць: калі стрэсу ў жыцці робіцца больш, чым можаш вытрымаць, гэта стамляе. Так, што больш не застаецца сілаў ні на што. Каб супрацьстаяць гэтаму, трэба ствараць для сябе магчымасці пражываць іншыя эмоцыі і ўражанні.

tied_up_gcd09693de_1280.jpg


Спецыялісты могуць дапамагчы на пачатку працэса ці падтрымліваць перыядычна. Асноўная частка працы ўсё роўна застаецца ў зоне асабістай адказнасці і ўласнай практыкі. Цёця Іра ў сваім тэлеграм- канале «Тётя Ира Разрешила» расказвае, што з парадаў ад спецыялістаў запала ў сэрцайка і праверана на ўласным досведзе.

1. Маляваць

Калі малюеш услед за настаўнікам, вынік гарантавана станоўчы. Як па мне, гэта досвед прыняцця падтрымкі, досвед падзелу адказнасці і магчымасць паназіраць за сабой у пазіцыі вучня

Калі малюеш услед за настаўнікам, вынік гарантавана станоўчы. Як па мне, гэта досвед прыняцця падтрымкі, досвед падзелу адказнасці і магчымасць паназіраць за сабой у пазіцыі вучня

Гэта першае, што прыйшло ў галаву для барацьбы са стрэсам. Набыла сабе дзіцячую мядовую акварэль, пару пэндзляў і альбом. Стала спрабаваць. Атрымлівалася не супер. Для свабоднага выяўлення чаго б там ні было, не хапала элементарных ведаў. Потым мне патрапіўся ў сеціве бясплатны марафон па акварэльнаму скетчынгу. За пяць дзён працы з настаўнікам анлайн многія штукі сталі на свае месцы.
Ад таго часу малюю даволі рэгулярна, па 1-2 разы на месяц. Пакуль па-ранейшаму, з урокаў у сеціве, але ўжо цягне зрабіць нешта сваё, самастойнае.
Маляванне дапамагло заўважыць, што ў жыцці ёсць нешта, апроч стрэсу. Дало магчымасць выразіць сябе не словамі і літарамі, а рукамі і фарбамі. Заўважыла, што стала больш уважлівай да навакольнага асяроддзя. Пачала прыкмячаць вакол фарбы і колеры, звяртаць увагу на гульню святла і ценю, адзначаць сюжэты і кампазіцыі.

2. Гатаваць ежу

Агулам гэта больш пра тое, як арганізаваць свае руціны, зрабіць простыя і неабходныя пабытовыя дзеянні прыемнымі і карыснымі для сябе. Гатаванне ежы дае перадышку ў звыклай працы, пошук новых рэцэптаў і смакаў папросту надае жыццю новую якасць.

rbhtuanuch5et2df2to0pxdlby1vhj3b.jpg

Салатка з праванскімі травамі — ужо міні-падарожжа. Тарталетка да ранішняй кавы — свежы погляд на новы дзень. Вакол гатавання ежы мне было лягчэй адбудоўваць свае руціны — ад чысткі зубоў да ўборкі квартэры.
Дадатковы бонус — камунікацыя. На дэгустацыю новай стравы ці на свой фірмовы рэцэпт добра запрашаць у госці сяброў. Ім прыемна, мне — менш калорый)) Карыстаюся гэтым рэгулярна і дзялюся ўсім, што гатую. Гэта дапамагае не заставацца падчас крызісу ў адзіноце.

3. Планаваць фізічную нагрузку

Гэта тое, што ў мяне адвальваецца першым і адбудоўваецца ў апошнюю чаргу. Пасля вельмі цяжкага году я толькі зараз наважылася ізноў пачаць хадзіць у басейн. Да гэтага проста старалася сачыць за колькасцю пройдзеных крокаў, каб было не менш за 10 000. Атрымоўвалася не заўсёды.
Каб зрабіць неабходнасць фізічных практыкаванняў трохі больш для сябе прывабнай, вырашыла сумясціць "крокі«з парадай падарожнічаць і знаёміцца з новымі месцамі. Стараюся хоць раз на тыдзень выйсці са свайго раёнчыка, каб паглядзець на іншыя часткі горада.

Па версіі псіхолагаў, мозг у адказ на новыя маршруты ў рэале таксама ўтварае новыя нейронныя сувязі і псіхалагічны стан робіцца больш устойлівым

Па версіі псіхолагаў, мозг у адказ на новыя маршруты ў рэале таксама ўтварае новыя нейронныя сувязі і псіхалагічны стан робіцца больш устойлівым

4. Ручная праца

Дапамагае асабліва, калі асноўную працу трэба рабіць галавой. Узгадала, што раней паміж справамі шмат займалася розным рукадзеллем і вырашыла аднавіць гэту практыку. Пачала з вязання. І гэта аказалася нібы медытацыя. Вочка налева, вочка направа, уся ўвага на пальцы, у галаве чысты дзэн. Асабліва заходзіць калі галава ўжо не саабражае ад працы і пад добрую аўдыёкніжку.

У выніку атрымалася пару тыдняў са спакойнымі вечарамі і цёплы ўтульны паланцін

У выніку атрымалася пару тыдняў са спакойнымі вечарамі і цёплы ўтульны паланцін


Потым пабачыла ў краме просценькі набор для вышывання. І вельмі захацелася паспрабаваць. Адразу ўзгадалася, што раней у вясковых хатах заўсёды віселі вышываныя карціны гаспадынь. Хай сабе былі яны зробленыя па адных на ўсю вёску малюнках, але кожная ганарылася створанай прыгажосцю. Тыя жанчыны працавалі цяжка і шмат, часта ўсю гаспадарку на сваіх плячах трымалі. Але ж знаходзілі час і на гэта. А можа, толькі гэтымі вышыванкамі і ратаваліся.

z2oopnmtat1ll6w6yy5tikad69giouin.jpg

5. Замежныя мовы і музыка

Тут той самы прынцып — уражанні ад мовы, якую мозг не прывык успрымаць, яго абуджаюць і забіраюць увагу на сябе. Стрэсу прыходзіцца трохі саступіць. Самы круты эксперымент з мовамі і гукамі здарыўся ў мяне ў оперы.

gxmhq29mjqb81rkwrkjb56o6m5tmw3q5.jpg


Там спявалі па-італьянску, а пераклад ішоў цітрамі на англійскую. Пры гэтым на сцэне адбываліся вельмі прыгожыя дзеянні. Неабходнасць вельмі хутка ўключацца ў некалькі патокаў інфармацыі адначасова так захапіла, што апроч гэтага не засталося нічога. Ад перагрузу мяне нават «выключала» на некалькі мінут. Здаецца, я правальвалася ў вельмі глыбокі і хуткі сон. Апошні раз такое са мной было на першым курсе, на лекцыях па вышэйшай матэматыцы. Са спектакля выйшла з крыштальна-чыстым позіркам на жыццё. Хто не баіцца экстрыму, можна паспрабаваць такі спосаб.

Замест высноваў

Калі паспрабаваць абагуліць, то сітуацыю пост-стрэсу я спрабую выкарыстаць для рэалізацыі нейкіх даўно адкладзеных гештальтаў ці каб паспрабаваць тое, што раней не адважвалася рабіць праз перфекцыянізм ці страх паразы. Самае складанае для мяне — прызнаць, што гэты неабходны адпачынак — частка маёй працы. Што яго трэба планаваць і ўлічваць у агульным раскладзе працоўнага часу. Што я малюю, шпацырую ці слухаю музыку не дзеля таго, каб адлыньваць ад працы, а дзеля таго, каб назапасіць сілы на яе выкананне.
З таго, што кажуць псіхолагі, мне спадабалася меркаванне пра карысць шматлікіх стратэгій і спосабаў супрацьстаяння стрэсу:
«Чым больш у чалавека разнастайнасці ў спосабах захавання ўстойлівасці, тым лягчэй ён/яна перажывае крызіс і стрэсавыя сітуацыі, а ўстойлівасць і здольнасць да самааднаўлення вышэй. Гэта як табурэтка — чым больш ножак, тым менш хістаецца».
budzma.org