Крымінальную справу супраць адвакаткі галоўнага інжынера МЗКЦ спынілі
Крымінальную справу ў дачыненні да намесніцы старшыні Мінскай калегіі адвакатаў Веры Арэшкі за выдаванне звестак следства і незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй спынілі праз адсутнасць складу злачынства.
Пра гэта БелТА паведаміла прэсавая сакратарка Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Ірына Рэўт, спасылаючыся на інфармацыю Генпракуратуры, якая паступіла ў Мінскую гарадскую калегію адвакатаў, піша svaboda.org.
На адвакатку завялі справу за выдаванне тайны следства (арт. 407 КК) і за зброю (ч. 2 арт. 295 КК). Першы артыкул прадугледжвае максімум штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці.
Як сцвярджалі ў МУС, жанчына раскрыла звесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў.
У час папярэдняга следства ў яе дома правялі ператрус і знайшлі пісталет Walter mod. 1938, а таксама патроны да яго. Высветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валодання ёю жанчына не мае.
Калегія адвакатаў заявіла, што мае намер абараняць калегу. Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк адзначыў, што завядзенне крымінальнай справы на адваката выклікала насцярожанасць у яго як у суддзі.
Адвакатка Вера Арэшка не прызнала віны ў выдаванні тайны следства і захоўванні зброі, паведаміў Свабодзе старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў напярэдадні чарговага паседжання працэсу над былым галоўным інжынерам МЗКЦ Галавачом.
19 ліпеня Першамайскі раённы суд Мінска апраўдаў па ўсіх выстаўленых абвінавачаннях галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ) Андрэя Галавача, якога абараняла Вера Арэшка. 30 ліпеня Генпракуратура Беларусі абскардзіла апраўдальны прысуд Галавачу.