Крыніцы НН: бізнесмена Юрыя Чыжа перавялі пад хатні арышт. Дапоўнена
Як стала вядома «Нашай Ніве», Юрый Чыж, якога арыштоўвалі ў сакавіку 2021 года, знаходзіцца пад хатнім арыштам. Пра гэта паведамілі дзве не звязаныя між сабой крыніцы.
Цяпер Чыж аточаны недабразычліўцамі і не падтрымлівае кантактаў не толькі з колішнімі сябрамі, але нават з некаторымі кроўнымі сваякамі.
Юрый Чыж — апальны бізнесмен, некалі блізкі да ўлады, які
стаў ахвярай інтрыг іншых царадворцаў.
Яго затрымлівалі ў сакавіку па вяртанні з Масквы.
Разам з Чыжом былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаній,
якія засталіся ў бізнесмена пасля разгрому яго імперыі.
Прэтэнзіі ў сілавікоў узніклі да топ-менеджмента
«Кварцкрэйдапрама» — прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала
крэйдай Бярозаўскі завод па вырабе будматэрыялаў (таксама належыць Чыжу).
Таксама нібыта затрыманы хтосьці з кіраўнікоў «Данпрада» — прадпрыемства на
Валожыншчыне, якое вырабляла свініну.
Нарэшце, прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» — адзін з апошніх
бізнесаў Чыжа, які паспяхова працягваў працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры з
якіх знаходзяцца ў Мінску, чатыры месяцы таму забралі ліцэнзію на продаж
паліва.
Як вядома «Нашай Ніве», сэнс справы перагукаецца з ранейшай
крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м — калі яго затрымлівалі па
падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.
Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і
кампенсаваў шкоду. Але, як можна меркаваць, рахунак яму выставілі немалы і
расцягнуты ў часе. Па стане на 2021 год ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і
бізнес-партнёрам, якія спаганялі з Чыжа даўгі праз суд.
Але Чыж па абавязацельствах нібыта не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнесы прыносілі грошы.
Пазней «Наша Ніва» дапоўніла інфармацыю: пасля публікацыі навіны пра Чыжа з рэдакцыяй звязаліся юрысты «Ракаўскага бровара» і «Трайпла».
«Мы не даём ніякіх каментароў з нагоды затрымання Юрыя Аляксандравіча. Адзінае, што можам сказаць, — на гэты момант ён пад хатні арышт не адпушчаны», — пераконваюць яны.