Курапацкая малітва (фота, відэа)
З першага крыжалому ў Курапатах 4 красавіка ва ўрочышчы штовечар а 19.00 ладзяцца малітвы. У Вялікую суботу перад Вялікаднем прыйшлі 10 вернікаў. Яны спявалі пад гітару і акапэльна. За імі назіралі два пераапранутыя супрацоўнікі міліцыі.
![zahadnaja_2019_04_27_kurapaty_a.ljaszkevicz_009_logo.jpg zahadnaja_2019_04_27_kurapaty_a.ljaszkevicz_009_logo.jpg](/img/v1/images/zahadnaja_2019_04_27_kurapaty_a.ljaszkevicz_009_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пасля вялікага збору ўвечары 4 красавіка, калі Курапаты наведала больш за дзве сотні чалавек, колькасць удзельнікаў малітваў паступова памяншалася. Цяпер у вечаровым малебне ўдзельнічае звычайна па 10 – 15 чалавек.
27 красавіка вернікі сабраліся на курапацкай Галгофе. Сярод удзельнікаў малітвы – актывісты абароны Курапатаў Ганна і Віктар Шапуцькі, Ніна Багінская. Спявалі песні пра Беларусь і Бога пад гітару (запявалі Юлія Фралова і Зміцер Марчук), узяўшыся за рукі, маліліся і праспявалі акапэльна “Магутны Божа”.
Сябра КХП БНФ Уладзімір Юхо запеў “Не згаснуць зоркі ў небе” на словы Янкі Купалы, а потым падзяліўся ўспамінамі аб усталяванні першых крыжоў у Курапатах. Спадар Уладзімір жыве ў Зялёным лузе з 1980 года, актыўна ўдзельнічаў у стварэнні народнага мемарыялу і ўсіх яго абаронах.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч