Лібералізацыя не для НДА

Нягледзячы на фасадную лібералізацыю, пераменаў у дзяржаўнай пазіцыі ў дачыненні да трэцяга сектару не назіраецца. Зарэгістраваць НДА па-ранейшаму амаль немагчыма.

Нягледзячы на фасадную лібералізацыю, пераменаў у дзяржаўнай пазіцыі ў дачыненні да трэцяга сектару не назіраецца. Зарэгістраваць НДА па-ранейшаму амаль немагчыма.
Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Падставай сталі выяўленыя мінюстам парушэнні заснавальнікамі парадку стварэння партыі падчас правядзення яе ўстаноўчага з’езда і ўстаноўчых рэгіянальных сходаў. Аднак сустаршыня аркамітэта па стварэнню БХД Павел Севярынец лічыць, што метады праверкі дадзеных не адпавядалі заканадаўству. Бліжэйшым часам кіраўніцтва БХД паведаміць, ці будзе паўторна падаваць дакументы на рэгістрацыю, рашэнне Мінюста абскардзяць у Вярхоўным судзе. На днях аргкамітэт па стварэнню Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб’яднанняў атрымаў з Мінюста ліст за подпісам намесніка міністра Аляксандра Сіманава з адмоваю ў рэгістрацыі. Падставай сталі быццам бы дапушчаныя парушэнні пры заснаванні. У прыватнасці, сцвярджаецца, што ўстаноўчая дамова з’яўляецца несапраўднай, паколькі кіраўнікі арганізацый-заснавальнікаў Асамблеі НДА падпісалі яе без згоды кіруючых органаў гэтых грамадскіх аб’яднанняў. Таксама адзначаецца, што назва арганізацыі не адпавядае патрабаванням заканадаўства, бо не ўтрымлівае ўказання на прадмет дзейнасці. Ініцыятары стварэння асамблеі прэтэнзіі лічаць неабгрунтаванымі і будуць абскарджваць рашэнне Мінюста ў судзе.
Рэгістрацыя руху «За свабоду» пад кіраўніцтвам Мілінкевіча надала імпэту шэрагу НДА, якія хочуць увайсці ў прававое поле краіны і працаваць легальна. Але пыл трэцясектарных актывістаў Мінюст традыцыйна астудзіў. Чарговую адмову ў рэгістрацыі атрымала праваабарончае грамадскае аб’яднанне «Вясна» пад кіраўніцтвам Алеся Бяляцкага, у Магілёве праз бюракратычныя перашкоды не прайшло моладзевае грамадскае аб’яднанне «Модэс», у Гродна — мясцовая філія партыі БНФ (падставаю  сталі прэтэнзіі да шрыфту заявы).
«Цяпер рэгіструючыя органы суцішваюць эфект, які зрабіла на грамадзянскую супольнасць рэгістрацыя руху «За свабоду». Была вялікая хваля ініцыятываў, якія падавалі дакументы на рэгістрацыю, многія рыхтуюцца цяпер да ўстаноўчых сходаў, — адзначае юрыст Юрый Чавусаў. — Але палітыка ў галіне рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў не змянілася».
Шматразовыя спробы зарэгістравацца і канвеер адмоваў у кіраўнікоў некаторых арганізацый ужо набілі аскому. Людзі банальна стаміліся змагацца з бюракратычнай машынай і за лепшае лічаць спыніць «вайну з ветракамі». Напрыклад, Алесь Бяляцкі заявіў, што «Вясна» падае дакументы на рэгістрацыю апошні раз.