Леанід Кулакоў: “Навошта Беларусі патрэбна такая структура, як пракуратура, ад якой карысьці — нуль"

Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў, які скардзіўся на ўмовы ўтрымання ў Смалявіцкім ІЧУ, дзе ён адбываў адміністратыўны арышт, атрымаў адказ на свой зварот у пракуратуру гэтага раёна.



ivs.jpg

Фота з сайта spring96.org

Сутнасць адказу прадказальная: “Выкладзеныя у Вашай скарзе довады пра парушэнні заканадаўства аб матэрыяльна-бытавым і медыка-санітарным забеспячэнні асобаў, якія ўтрымліваюцца ў ІЧУ Смалявіцкага РАУС па выніках праведзенай пракуратурай Смалявіцкага раёна праверкі свайго пацверджання не знайшлі”.

 Але… Узгадаем адказ, атрыманы Кулаковым крыху раней з Упраўлення наглядна-выканаўчай дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

У адказе паведамляецца аб тым, што “па Вашым звароце аб парушэннях умоў утрымання, нездавальняючым санітарным стане, а таксама матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні ў ізалятарах часовага ўтрымання Мінскага і Смалявіцкага РАУСаў і нязгодзе з прынятым УУС Мінскага аблвыканкама рашэннем, упраўленнем наглядна-выканаўчай дзейнасці МУС Рэспублікі Беларусі праведзена пільная праверка.

У ходзе праверкі ўстаноўлена, што асобныя недахопы ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні ІЧУ Смалявіцкага РАУС былі абумоўленыя аб'ектыўнымі прычынамі і не з'яўляліся следствам нядобрасумленных адносінаў да выканання службовых абавязкаў супрацоўнікамі ІЧУ…

…У 2015 годзе ў ІЧУ Смалявіцкага РАУС праведзеныя работы ў выглядзе замены ўнутраных сетак каналізацыі, водаправода і гарачага водазабеспячэння; ўнутранага аздаблення памяшканняў санпрапускніка і пакоя падагрэву ежы (тынкоўка, афарбоўка сцен і столі, абліцоўка сцен пліткай, укладка падлогі пліткай «грэс»).

У цяперашні час завершаны работы па мантажы ў камерах ІЧУ сталоў і лавак з пасадачнымі месцамі па колькасці месцаў у камерах, а таксама тумбачкамі для захоўвання туалетных прыналежнасцяў.

Леанід Кулакоў вельмі здзіўлены такімі супярэчлівымі падыходамі з боку МУСа і мясцовай пракуратурай да ацэнкі ўмоваў утрымання ў ІЧУ Смалявічаў:

“Навошта Беларусі патрэбна такая структура, як пракуратура, ад якой карысьці — нуль. Менавіта такія супрацоўнікі пракуратуры, накшталт таго, што падпісаў мне адказ, самі кампраментуюць гэты орган”.

Нагадаем, 12 траўня 2015 года грамадскі актывіст Леанід Кулакоў адбыў 7 сутак адміністрацыйнага арышту ў Смалявіцкім ІЧУ за ўдзел у пікеце каля Кургана Славы, а 29 ліпеня ён добраахвотна прыйшоў у Ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёна па вуліцы Скарыны, каб адседзець арышт за акцыю ў знак салідарнасці з Юрыем Рубцовым, у якога тады быў дзень народзінаў.

spring96.org