Леаніда Кулакова чакае новы суд “два ў адным”
Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Леаніда Кулакова 7 красавіка чакае чарговы суд па схеме “два ў адным”.
Леанід Кулакоў з плакатам да Дня волі. Фота з сайта spring96.org
Яго збіраюцца прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах: пікеце каля Расійскай амбасады ў падтрымку Надзеі Саўчанка 21 сакавіка і Дні Волі 25 сакавіка.
Пра гэта ён даведаўся, атрымаўшы смс-паведамленне з суда Цэнтральнага раёна Мінска.
Кулакоў не хавае свайго здзіўлення:
— Дзень Волі — дазволеная афіцыйна акцыя, да мяне ніхто не падыходзіў, ніякіх пратаколаў не складалася. Магчыма, некаму не спадабаўся той плакат, які я трымаў у руках: “22 гады жыцця ў няволі. Прагнем Волі!”.
Разгляд адміністрацыйных спраў прызначаны на 11 гадзін у судзе Цэнтральнага раёна. Суддзя Міхаіл Хома. Вядома таксама, што позвы ў суд за Дзень волі атрымалі і некалькі актывістаў Партыі АГП, у тым лику старшыня партыі Анатоль Лябедзька і актывіст Дзяніс Красачка.