«Людзям не патрэбен манументальны стрыт-арт»

Праект Signal, дзякуючы якому ў беларускіх гарадах з 2013 года з'явілася досыць шмат новых муралаў, зачыніўся. Абвестка пра гэта з'явілася ў пабліку ў Facebook.

14_graffiti_brilevskaya_18102015_zam_tutby_phsl.jpg

Каардынатар Signal Алег Ларычаў патлумачыў, чаму закрывае праект.

— У Беларусі манументальны стрыт-арт мала каму цікавы, напэўна. Паглядзеўшы на збор сродкаў для новых прац, можна ўбачыць «зацікаўленасць» людзей. Але наконт краўдфандынга — гэта мала дзе атрымліваецца ў свеце. Я такіх прыкладаў не ведаю. Звычайна падтрымлівае муніцыпалітэт і брэнды. Нашым камерцыйным кампаніям гэта нецікава. Дзяржава гэта не падтрымлівае.
Ларычаў тлумачыць, што ў рэгіёнах часам вылучалі тэхніку для працы. У Мінску такой магчымасці не было. Але ў цэлым стаўленне ўладаў да ініцыятыў праекта было нармальнае.

— Што ж парабіць, напэўна, людзям патрэбныя дэкаратыўныя нейтральныя роспісы, а не стрыт-арт.

За 5 гадоў дзякуючы Signal ў рэгіёнах і сталіцы з'явілася 44 мурала з удзелам беларускіх і замежных мастакоў. Сярод іх — «Чалавек без імя», «Дзяўчына ў вышыванцы», Хлопчык на доме на Брылеўскай і шмат іншых. Галерэю работ можна паглядзець тут.

Пры гэтым каардынатар праекта не губляе надзеі на тое, што Signal зможа развівацца з іншай камандай. Таму гатовы перадаць гэтую справу зацікаўленым людзям і просіць дасылаць прапановы і ідэі на info@mustact.by.

Паводле tut.by