Логвінава пазбаўляюць выдавецкай ліцэнзіі — за тое, што надрукаваў альбом «Прэс-фота-2011»
Гэтую інфармацыю агучыў намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунецна V Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які праходзіць гэтымі днямі ў Кішынёве.
“Паведамленне пра спыненне ліцэнзіі на выдавецкую дзейнасць індывідуальны прадпрымальнік Ігар Логвінаў атрымаў 23 верасня, — распавёў Андрэй Бастунец. — Дакумент падпісала першая намесніца мінітра інфармацыі Лілія Ананіч. Ліцэнзія адклікаецца “ў сувязі з дапушчанымі грубымі парушэннямі заканадаўства аб ліцэнзаванні”. Гаворка ідзе пра выпуск альбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які суд Ашмянскага раёна прызнаў экстрэмісцкім 18 красавіка 2013 г.”
"Мы лічым, што пазбаўленне ліцэнзіі адбылося незаконна, са шматлікімі парушэннямі, і таму мы ўжо накіравалі адпаведны ліст міністру інфармацыі Алегу Праляскоўскаму", — лаканічна каментуюць падзею ў выдавецтве.
Андрэй Бастунец — удзельнік Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. 4 верасня ў межах Форума адбылося паседжанне секцыі па СМІ
“На маю думку, заканадаўства не давала міністэрству права пазбаўляць выдавецтва ліцэнзіі, а таксама не была выкананая прадугледжаная законам працэдура”, – заявіў Андрэй Бастунец.
“Хачу звярнуць увагу і на тое, што пры разглядзе справы аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі альбома “Прэс-фота-2011” выдавецтва наогул не было прыцягнута да працэсу. А зараз рашэнне таго суда называюць падставай для пазбаўлення яго ліцэнзіі, — падкрэсліў юрыст. — У выпадку, калі міністэрства не перагледзіць свайго рашэння, я бачу судовы шлях вырашэння гэтай спрэчкі”.