“Маладафронтаўцу” Уладзю Яроменку суд “далічыў” трое сутак арышту
У судзе Першамайскага раёна Мінска 20 сакавіка паўторна разглядалася справа актывіста “Маладога фронту” Уладзі Яроменкі, якога раней пакаралі арыштам за парушэнне прэвентыўнага нагляду. Не пагадзіўшыся з ранейшым прысудам (12 сутак арышту), Яроменак абскардзіў яго ў Мінгарсудзе.
Актывіст “Маладога фронта” Уладзімір Яроменак
Вынікам разгляду касацыйнай скаргі ў Мінгарсудзе 26 лютага стала накіраванне справы на новы разгляд у той жа суд. Аднак сам актывіст на тым судовым пасяджэнні не прысутнічаў, судовыя выканаўцы не папярэдзілі актывіста належным чынам. Як вынік — Яроменак быў пазбаўлены законнага права на абарону. Гэта і паслужыла нагодай звярнуцца са скаргай у Мінскі гарадскі суд, які 26 лютага 2013 года адмяніў рашэнне суддзі Першамайскага раёна і адправіў справу на новы разгляд да іншага суддзі, але ў той самы суд.
Сёння суддзя Ганна Паскевіч прысудзіла яго да 15 сутак арышту. Паколькі 12 сутак Яроменак адбыў раней, яму засталося адбыць яшчэ трое сутак адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, у адносінах да актывіста "Маладога фронта" і былога палітвязня Уладзя Яроменкі 15 сакавіка 2012 года быў устаноўлены прэвентыўны нагляд на год. Аднак за гэты час актывіст двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за нібыта парушэнне грамадскага парадку. На падставе гэтага суддзя Першамайскага суду Ярмоленкава (з удзелам пракурора Ермаковай) 15 сакавіка гэтага года вынесла рашэнне аб тым, што тэрмін прэвентыўнага нагляду ў адносінах да Яроменка павінен быць працягнуты яшчэ на паўгода — да 15 верасня 2013 года.