Малы памежны рух — пытанне надалей невырашанае

“Культура ды эканоміка — гэта два напрамкі, якія, паводле ацэнкі польскага Міністэрства замежных спраў, дазваляюць зблізіцца палякам і беларусам”, — кажа намесніца дзяржаўнага сакратара Міністэрства Катажына Кацперчык.



img_0984.jpg

Катажына Кацперчык адзначае, што ўвядзенне малога памежнага руху, які дазволіць жыхарам памежных рэгіёнаў перамяшчацца без візаў, стане «дадатковым імпульсам» для развіцця супрацы.

— Увядзенне малога памежнага руху можа стварыць дадатковы імпульс для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва. І вельмі важным для нас таксама з’яўляецца праца з Калінінградскай вобласцю.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гародні Анджэй Хадкевіч:

— Але няма рашэння з Менска.

Тэма ўвядзення малога памежнага руху будзе абмяркоўвацца таксама ў час адмысловай сустрэчы. Яна адбудзецца ў Гародні 21-га траўня па вуліцы Будзёнага, 48-а.

Сувязі паміж гарадамі-пабрацімамі Беларусі і Польшчы найперш будаваліся на падставе гістарычных і культурных сувязяў. Але з часам, на адно з першых месцаў выйшлі эканамічныя пытанні — адзначыў у размове з нашым радыё старшыня Асацыяцыі пародненых гарадоў Беларусі, чалец Савету Рэспублікі Барыс Батура. Цяпер эканамічныя кантакты развівацца ў розных напрамках:

— Вельмі шырокі спектр дзейнасці — гэта і гандлёвы ўзаемаадносіны, і стварэнне вытворчасцяў па выпуску пэўных відаў тавараў, асабліва ў сельскагаспадачай вытворчасці, перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.

На пытанне, ці замінае візавы рэжым у развіцці ўзаемных стасункаў паміж Беларуссю і Польшчай, Барыс Батура адказаў наступнае:

— Вядома, замінае… Але мы ехалі на гэтую сустрэчу, польскае пасольства за два дні адкрыла візы. Я не бачу тут асаблівых перашкодаў. Але нашыя знешнепалітычныя ведамствы працуюць, каб усё ж такі перайсці на бязвізавы рух. Калі-небудзь мы прыйдзем да гэтага.

У Беластоку завяршыў сваю працу міжнародны форум гарадоў-пабрацімаў Польшча-Беларусь. Апошні раз падобнае мерапрыемства адбывалася 12 гадоў таму, на гэта паўплывала агульная атмасфера адносінаў паміж дзвюма краінамі.

Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя