Мама Рамана Пратасевіча: «Мой сын не здраднік!»

Ужо чатыры месяцы Раман Пратасевіч знаходзіцца пад вартай. За гэты час ён паспеў даць некалькі інтэрв’ю дзяржаўным ці прадзяржаўным СМІ, аднавіць свой твітар і нават запусціць тэлеграм-канал (які, праўда, маўчыць з 9 верасня). Бацькі Рамана адмаўляюцца ад інтэрв’ю. Але Наталля Пратасевіч, мама вязня, дала «Нашай Ніве» кароткі камент пра сына.

_et96o.jpg


«Мы звязваемся з Раманам праз тэлеграм, недзе раз на два дні. Я магу напісаць яму, спытаць як справы, як самаадчуванне, штосьці такое. Літаральна нейкія агульныя побытавыя пытанні і моманты. На пытанні, пра якія яму нельга гаварыць, ён проста не адказвае.
Часам Раман просіць перадаць нешта з ежы, цыгарэты. Вось нядаўна прастыў, перадавалі лекі. Перадавалі і кнігі: штосьці пра Чарнобыль, статыстычнае выданне, фантастыку, нешта па псіхалогіі.
Мая дачка, сястра Ромы, яму закідвала грошы, рэчы. Рамана ж затрымалі ў маі, ён аказаўся без цёплых рэчаў зусім. І ў яго не было ані абутку, ані курткі, мы набывалі гэтыя рэчы і дачка перадавала іх. Яна перадае яму і перадачы з ежай.
Перадачы аддаюцца ў пэўным месцы пэўным людзям, якія яго ахоўваюць на той кватэры, дзе жыве Раман. Сястра не мае магчымасці ўбачыць яго пры гэтым. Гэтыя людзі забіраюць рэчы і перадаюць Раману. Мы нават не ведаем дакладна ён знаходзіцца ў кватэры ці ў доме. Ведаем толькі што пад хатнім арыштам. Рома жыве з Сафіяй разам, прынамсі так кажа нам».
Па інфармацыі «НН» следчыя дзеянні з Раманам Пратасевічам апошнія два месяцы не праводзяцца.
«Яго цяпер нікуды не выпускаюць. Ніякіх прагулак, выхадаў на вуліцу. Ён проста знаходзіцца ў памяшканні», — кажа Наталля Пратасевіч.
«Я ведаю, што мой сын не здраднік. Ён ніколі здраднікам не быў і ім не з’яўляецца. А тое, што адбываецца зараз, то я не думаю, што сын выдае нейкія сакрэты ці кагосьці раскрывае ці кагосьці падстаўляе. Гэта і раней пацвярджалі людзі: Раман агучваў тое, што адпаведныя беларускія ворганы і так ведалі, — упэўненая маці Рамана. — Мой сын па прыродзе сваёй чалавек не такі. Каб бы ён такім, ці баязліўцам, то не ўдзельнічаў бы ва ўсім тым, і не займаўся б тым, чым займаўся».