«Маманяты» запрашаюць далучацца: у Мінску адкрыліся беларускамоўныя заняткі для дзяцей 1,5—6 гадоў

Вікторыя Язвінская, матуля двухгадовага Рычарда, якога яна пяшчотна называе Рысікам, стварыла на базе танцавальна-спартовай студыі «Дзеткі+» дзве беларускамоўныя групы для дзетак рознага веку. Гэтай восенню пачаліся заняткі ў групе «Маманяты» (для дзяцей 1,5—3 гадоў з бацькамі) і «Тэатр рухаў» (для дзетак 3—6 гадоў).



mamaniaty.jpg

«Маманяты» — гэта танцавальна-спартовыя заняткі з элементамі творчасці і прыкладной дзейнасці. Чытаць ці лічыць трохгадовых не вучаць, скіраванасць ідзе на фізічнае развіццё дзіцяці. Бо чым больш малое рухаецца ў такім веку, тым лепей яно развіваецца. Плюс творчы складнік: праца на дробную і буйную маторыку.
«Тэатр рухаў» — спартова-тэатральныя заняткі, скіраваныя на развіццё гаворкі ў сувязі з рухам, лагарытмікі. На занятках дзетак чакаюць чыстагаворкі і мімічная гімнастыка, гімнастычныя комплексы і практыкаванні, дыхальна-спеўная гімнастыка, казачныя гісторыі і хатнія заданні.
Памяшканне студыі, дзе займаюцца «Маманяты», знаходзіцца ў Малінаўцы. Але бацькі возяць сюды дзетак нават з-за горада.
Заняткі праходзяць у малых групах — не больш за 5 чалавек «Маманяты» і 10 чалавек «Тэатр рухаў».
Калі мы прыйшлі, усе дзеткі ўжо былі на месцы і разам з бацькамі ды выкладчыцай Касяй Глухоўскай распачалі свае «марскія прыгоды». 
Дзеткі зусім маленькія, працаваць з імі складана, але яны з радасцю пускаюцца ў гульні ды практыкаванні, якія ім прапаноўваюць. Прапанавалі «марскія прыгоды» — і дзеткі змагаліся з піратамі, рабілі пацеркі, як сапраўдныя маракі праходзілі розныя выпрабаванні.
А мове як такой на курсах не вучаць. «Мэта заняткаў — гарманічнае развіццё дзіцяці, занурэнне яго ў моўнае асяроддзе праз гульню», — кажа Вікторыя. Але нават расейскамоўныя дзеткі пасля заняткаў пачынаюць дома ўжываць беларускія словы. 
***
Каб запісацца на заняткі, трэба званіць на нумар: (29) 189-81-08.
nn.by