Статкевіч: Прагматычныя беларусы не пачнуць вучыць мову, пакуль ад яе не будзе залежаць жыццёвы поспех

Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч у лісце дамоў уступіў у завочную палеміку з Лукашэнкам адносна шляхоў развіцця беларускай мовы. Жонка палітвязня Марына Адамовіч працытавала ягоны ліст.



dziadzka_mikola1.jpg

«Прачытаў у газетах, што галоўны начальнік прапанаваў трэцюю гадзіну беларускай мовы ў школах. Крок неабходны, але неэфектыўны без стварэння матывацыі — ведаць мову для жыццёвага посьпеху. Беларусы вельмі прагматычная нацыя і не будуць масава прыкладваць намаганні, каб ведаць мову, калі ад гэтага не будуць залежаць паступленне ў ВНУ, паспяховая вучоба ў ВНУ, паспяховая кар’ера».
Раней Мікалай Статкевіч шмат разоў дзяліўся думкамі пра тое, як магчыма пашырыць ужытак беларускай мовы. У тым ліку ён прапаноўваў захады на ўзроўні адной асобнай сям’і і ўсёй дзяржавы. Марына Адамовіч згадала, што як раз пасля ліста Статкевіча на тэму становішча беларускай мовы, дасланага са Шклоўскай калоніі, на яго былі накладзеныя пакаранні.
Таксама Мікалай Статкевіч напісаў пра тое, што з ягонага турэмнага дворыку ўжо не бачна сонца.
«У прагулачным дворыку ў адным з куткоў яшчэ ёсць сонечная пляма, але яна ўжо занадта высокая, каб убачыць сонца, нават калі падскочыш».
Праз 2 месяцы, 12 студзеня 2015 закончыцца трохгадовы тэрмін пакарання Статкевіча турмой. Марына Адамовіч разлічвае, што яе мужа вярнуць у шклоўскую калонію, дзе яму застанецца адбыць ад агульнага тэрміну яшчэ 2 гады.
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні. Трымаюць Статкевіча ў крытай турме ў Магілёве.
svaboda.org