Манапалізм і сцёртыя межы паміж дзяржавамі. Чаму «Яндэкс» — не карысны для Беларусі
Стала вядома, што МАРГ прызнала сэрвіс «Яндэкс Go» манапалістам на рынку пасажырскіх зносін Беларусі. У бягучым беларускім становішчы такі ход падзей стаў не проста нечаканым, а сапраўдным ударам у спіну «старэйшаму брату». Сабралі некалькі фактаў, якія могуць прымусіць задумацца пра слушнасць адмаўлення ад сэрвісаў «Яндэксу».

Рашэнне аб прызнанні сэрвісу «Яндэкс Go» (былога «Яндэкс.Таксі») манапалістам на рынку пасажырскіх перавозак было прынята на фоне шматлікіх скарг карыстальнікаў на сталыя павышэнні коштаў за паездкі, асабліва ў гадзіны пік, заявіла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Галоўным аргументам МАРГ сталі рэгулярныя павышэнні каэфіцыента пры замове таксі, нават у перыяды нізкага попыту. Гэта дазволіла кампаніі істотна дыктаваць свае ўмовы на рынку, абмяжоўваючы магчымасці для канкурэнтаў. Нацыянальныя перавозчыкі былі вымушаны альбо прыняць новыя правілы гульні, ўвайшоўшы ў склад «Яндэксу», альбо ліквідавацца праз немагчымасць канкураваць.

Кошты на таксі ў Мінску
Пры гэтым, у 2017 годзе МАРГ ахвотна дало дазвол на зліццё тагачаснага «Яндэкс.Таксі» і «Uber» у Беларусі — тады кампаніі падпісалі пагадненне аб аб'яднанні бізнесаў у Расіі, Беларусі, Азербайджане, Арменіі, Сакартвэла і Казахстане. Такім чынам, пры замове «Uber» беларусы пачалі атрымліваць брэндаваныя машыны «Яндэксу» і, адпаведна, наадварот.
Перавозчыкі былі абавязаны забяспечыць максімальна поўнае і даступнае інфармаванне кліентаў аб юрыдычнай асобе, якая ажыццяўляе перавозку, з захаваннем гісторыі паездак; не ўстанаўліваць забарону для партнёраў, кіроўцаў і пасажыраў на работу з іншымі сістэмамі прадастаўлення паслуг таксі.
У чэрвені 2024 года »Uber» канчаткова сышоў з Беларусі — ягоны дадатак у Google Play і AppStore быў заменены на імпартазамешчаны «Fasten».
Цікавай адметнасцю з’яўляецца і тое, што калі ў Беларусь прыйшлі першыя сэрвісы каршэрынгу (імі былі расійскі «Anytime» і беларуская «Вязуха»), кошт таксі і арэнднага аўто быў прыкладна аднолькавым. Цяпер, калі «таксішная» канкурэнцыя ў Беларусі фактычна знішчана, доўгая паездка на каршэрынгу атрымліваецца ў разы таннейшай за кароткую паездку на «Яндэкс Go».

Лагатып дадатку «Fasten» (былы «Uber»)
Аналагічным чынам склаліся падзеі і на радзіме сэрвісу. Калі ў лютым 2021 года на «Яндэкс.Таксі» прыходзілася каля 60% перавозак, а гэта было ўтрая больш, чым у бліжэйшага канкурэнта «Сіцімабіл» (20%), з надыходам вырашальнага 2022 года расстаноўка сіл памянялася яшчэ мацней на карысць манапаліста.
«Сіцімабіл» абвясціў аб сваім сыходзе з рынку, а галоўныя акцыянеры ў асобе буйных расійскіх кампаній заявілі, што больш не жадаюць інвеставаць у стратны праект. Кітайскі агрэгатар таксі «Didi» таксама спыніў працу ў Расіі і Казахстане з 4 сакавіка — і гэта нягледзячы на тое, што ён запусціўся толькі ў 2020 годзе і паспеў заняць долю 11%. За ім, праз поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, на выхад з краіны-агрэсаркі паследаваў і папулярны ізраільскі сэрвіс «Gett». Такім чынам, «Яндэкс» вызваліў пад сябе больш за 90% долі перавозак.
Але манапалізм — не адзіная бяда, якую «Яндэкс» прыносіць іншым краінам.
«Мяжа Расіі нідзе не сканчаецца»
Найбольш неэтычным і сапраўды варварскім крокам «Яндэксу» стала знішчэнне дзяржаўных кардонаў у сэрвісе «Яндэкс.Мапы».
Напачатку чэрвеня 2022 года карыстальнікі дадатку заўважылі, што на мапе зніклі межы паміж Расіяй, Украінай ды іншымі дзяржавамі. У кампаніі патлумачылі, што «мапа стане фізіка-геаграфічнай, і акцэнт на ёй будзе зроблены на прыродныя аб'екты, а не на межы дзяржаў».

Беларусь, Літва, Латвія і Расія на «Яндэкс.Мапах»
«Задача сэрвісу — «адлюстроўваць свет вакол. Такім чынам, на мапе будуць з'яўляцца горы, рэкі, лініі палярных кругоў і іншыя даныя, характэрныя для гэтага тыпу мапы. Змены будуць з’яўляцца паступова», — «па-расійску эстэтычна» адказалі ў Яндэксе.
Паколькі карыстальнікі сэрвісу ніколі не карысталіся мапамі з мэтай разглядаць горы і рэчкі, аргумент гучаў вельмі недарэчна і прама адлюстроўваў расійскую існасць — сцерці кардоны паміж дзяржавамі; паказаць, што можна ўзяць і напляваць на суверэнітэт і самавызначэнне дзяржаў, абгрунтоўваючы гэтым тым, што ўсе мы жывем на агульным зямным шары. Бо, як аднойчы казаў іхні прэзідэнт, «мяжа Расіі нідзе не сканчаецца».
Адной агульнай прасторай без межаў аказаліся ўкраінскі Марыупаль і расійскі Растоў-на-Доне, беларускія Расоны і расійская Опачка, эстонская Нарва і расійскі Івангорад. Вызначыць, дзе на мапе тэрыторыя «бязмежнай» дзяржавы, а дзе ўсё ж патрэбна мець з сабой замежны пашпарт, наўпрост немагчыма. Відаць, такія турысты пасля і прыязджаюць у Мінск, здзіўляючыся, чаму ў краме не прымаюць расійскія рублі і расійскую картку VISA.
Мэта гэтага кроку відавочная: а як інакш патлумачыць, чаму яшчэ ўчора Херсон быў «вольны ад кіеўскага рэжыму», а ўжо сёння войска найвялікшай дзяржавы ў свеце пакідае «спрадвечна рускія землі»?

Свет без межаў на расійскіх мапах
Лепшым аналагам «Яндэкс.Мапам» і «2ГІС» (расійскі дадатак, які таксама сцёр межы) з’яўляюцца мапы «Maps.me», якія маюць яшчэ больш добрую дэталізацыю сцежак, напрыклад, у парках і лясах. На вялікі жаль, «Google Maps» у Беларусі абнаўляюцца з вялікім спазненнем, але іх вельмі зручна выкарыстоўваць у якасці навігатара праз падтрымку «Apple CarPay» і «Google Auto» на аўтамабілях з адпаведнымі функцыямі.
Прыхаванне ваенных злачынстваў на Кіеўшчыне
2 красавіка 2022 года Сілам абароны Украіны ўдалося вызваліць ад захопнікаў усю Кіеўскую вобласць. У гарады рэгіёну пачалі паступова пускаць журналістаў і валанцёраў, а стужкі ўсіх пошукавых сістэм запаўняліся жудаснымі фотаздымкамі разаніны ў прыгарадзе ўкраінскай сталіцы. Усіх, ды не «Яндэксу».

«Буча» ў пошукавіку «Яндэкс»
Расійскі сэрвіс пачаў хаваць сведчанні ваенных злачынстваў у Бучы, Ірпені, Гастомеле, Барадзянцы ды іншых населеных пунктах, а калі карыстальнікі ўводзілі ў пошуку «Яндэкс» слова «Буча», то атрымлівалі фотаздымкі яшчэ не кранутых вайной гарадоў. Па-над выявамі пошукавік паказваў плашку «Некаторыя матэрыялы ў інтэрнэце могуць утрымліваць недакладную інфармацыю. Калі ласка, будзьце ўважлівыя».
У той жа час «Google» публікаваў доказы ваенных злачынстваў: здымкі брацкіх магіл, спаленых на тратуарах целаў, згвалтаваных жанчын і дзяцей.

«Буча» ў пошукавіку «Google»