«Маскоўскі Мірон» спусціўся з гмаху на бел-чырвона-белым парашуце
Украінскі сцяг на сталінскай высотцы ў Маскве правісеў больш за тры гадзіны.
Жыхару дома на Кацельнічаскай, дзе адбылася акцыя ў падтрымку Украіны, калі невядомыя вывесілі на шпілі будынку ўкраінскі нацыянальны сцяг і пафарбавалі ў сіня-жоўтыя колеры зорку, удалося зняць
відэа, як украінскі патрыёт пасля ўсталявання сцягу спускаецца на парашуце з даху дома ў двор.
Як бачна на відэа, апублікаваным расійскім тэлеканалам Lifenews, экстрэмал ляцеў на бел-чырвона-белым парашуце.
Расійскія СМІ паведамляюць, што чацвёра альпіністаў былі затрыманыя ў Маскве паводле падазрэння ў здзяйсненні акту патрыятызму раніцай 20 жніўня.
Як высветлілася, экстрэмал, які на працягу ўсёй ночы размалёўваў зорку ў сіне-жоўтыя колеры, раніцай саскочыў з дома на парашуце і прызямліўся ў двары.
Адразу пасля здарэння супрацоўнікам маскоўскай паліцыі дадзенае ўказанне праверыць ўсіх грамадзян, якія заўважаныя ў апошнія гадзіны на вуліцах горада з альпінісцкім рыштункам.
Паліцыя таксама высвятляе, як трапілі экстрэмалы ў элітны ахоўваемы будынак у самым цэнтры Масквы і як ім атрымалася забрацца на 32-павярховы дом, вышыня якога складае 176 мэтраў.
svaboda.org