Міхаіл Жамчужны: Аб сустрэчах не прасіце, але пішыце больш

Палітвязень просіць пісаць яму больш і часцей. Бо гэтак павялічваецца імавернасць таго, што хоць частка лістоў знойдзе свайго адрасата.



Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны.

Заснавальнік “Платформ інавэйшн” Міхаіл Жамчужны.


Як піша "Віцебская Вясна", Міхаіл Жамчужны ў сваім апошнім лісце, які атрымалі ад палітвязня віцебскія праваабаронцы, паведамляе аб прынцыповай немагчымасці кароткіх сустрэчаў з ім калегаў-праваабаронцаў — праз забароны і дыскрымінацыйныя ўмовы, створаныя ў калоніі.

«Сустрэцца са мной не змаглі вядомыя беларускія праваабаронцы Андрэй Бандарэнка, Тацяна Равяка і Барыс Бухель», — піша Жамчужны. З ягоных словаў, гэтыя сустрэчы не дазволіла кіраўніцтва сістэмы выканання пакарання.

Зняволены Жамчужны просіць грамадзянскіх актывістаў спыніць спробы дамагацца падобных сустрэчаў яшчэ і праз тое, што ў калоніі створаныя дыскрымінацыйныя ўмовы для камунікацый падчас сустрэчаў.

«Стаўлю ў вядомасць, што сустрэчы праходзяць праз двайное шкло, размова адбываецца праз тэлефонную трубку пад наглядам супрацоўнікаў калоніі і з аўдыёцэнзурай. Перадача якіх-небудзь дакументаў, нават адвакатам, падчас сустрэчы забароненая!» — расказвае ў лісце Міхаіл Жамчужны.

Палітвязень лічыць вялікім дабром магчымасць штомесяц без абмежаванняў сустракацца з адвакатам з Мінску і па неабходнасці — з віцебскім адвакатам. «Гэтымі сустрэчамі загарантоўваецца мая бяспека», — піша ён.

«З перапіскай сітуацыя цалкам непрымальная, — кажа праваабаронца Леанід Свецік. — На маім прыкладзе, яна знізілася да аднаго ліста за месяц, раней ліст ад Жамчужнага прыходзіў амаль кожныя два тыдні. Праўда, былі перапынкі ў ліставанні, калі Жамчужны знаходзіўся ў ШІЗА».

«І цэнзары, як гаворыцца, не дрэмлюць», — іранізуе ў лісце палітвязень.

«Цягам апошніх гадоў вялікая частка ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі знішчалася цэнзурай. Апошнія выпадкі — лісты ў Чарнігаўскі Дом правоў чалавека, з Беларуска-Амерыканскай асацыяцыі, ад Каўнярова (2019/10/31) — за «цынізм», — удакладняе Жамчужны.

Тым не менш, зняволены праваабаронца просіць пісаць яму больш і часцей. Бо гэтак павялічваецца імавернасць таго, што хоць частка лістоў знойдзе свайго адрасата.

«У апошні час лісты ад палітвязня Міхаіла Жамчужнага прыходзяць з вялікімі затрымкамі, таму кожны ліст становіцца каштоўным той інфармацыяй, якую змяшчае, — пра стан здароўя, пра тое, якія падзеі і працэсы адбываюцца ў калоніі», — пракаментаваў Леанід Свецік сітуацыю наконт ліставання з вязнем папраўчай калоніі №9 Міхаілам Жамчужным.

Лісты дасылайце на адрас:

213410, ПК-9, бр.31, ПКТ, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, Беларусь
Жамчужнаму Міхаілу Ігаравічу

spring96.org