Мікалай Аўтуховіч: У нашай краіне настане новае жыццё, жыццё без хлусні

Мінчанка Аксана Сцяпанава — адна з нямногіх, каму ўдаецца ліставацца з экс-палітвязнем Мікалаем Аўтуховічам, якога цяпер вінавацяць у тэрарызме. Жанчына пакуль атрымала толькі два лісты ад яго. З яе дазволу публікуем вытрымкі з іх.

avtuhovich.jpg

Першыя лісты і паштоўкі Мікалай Аўтуховіч атрымаў 5 студзеня.
«Не перажывай за мяне, колькі я ўжо перажыў усяго на гэтым шляху да справядлівасці. На колькі хопіць здароўя, залежыць ад мяне. Але ўпэўнены, што падтрымка простых беларусаў надае моцы і веры ў тое, што ў нашай краіне настане новае жыццё, жыццё без хлусні. І дзякуй усім, хто моліцца за ўсіх вязняў, гэта не можа застацца незаўважаным», — піша Аўтуховіч у лісце ад 6 студзеня.
Ён просіць па магчымасці пісаць хоць пару радкоў.
У іншым пасланні вязень піша, што ў перадачы для яго не прапусцілі часопісы судоку.
«На шпацырах часам бачу сонейка. Адчуваецца, што вясна ідзе!» — напісаў Мікола Аўтуховіч у лісце ад 11 сакавіка.
Нагадаем, былога палітвязня Мікалая Аўтуховіча затрымалі ў снежні 2020 года. Яго абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці — падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Аўтуховічу прад’явілі абвінавачанне па арт. 289 КК «Акт тэрарызму».
Разам з Мікалаем затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Сярод іх праваслаўны святар Сяргей Разановіч, яго жонка і сын. Таксама па справе праходзяць 59-гадовая Галіна Дзербыш з Абухава і грамадская актывістка Вольга Маёрава.
Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай кампаніі, прадпрымальнік і актывіст з Ваўкавыска. 7 ліпеня 2006 года быў асуджаны на 3 гады і 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў з нанясеннем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і атрымання ліцэнзіі.
Аўтуховіч быў адным з шасці палітвязняў, якіх вызвалілі ў выніку жорсткіх санкцый ЗША і ЕС. Але 8 лютага 2009 года яго зноў затрымалі і ў 2010 годзе асудзілі нібыта за захоўванне зброі. Мікалая вызвалілі 8 красавіка 2014 года пасля адбыцця тэрміну.
Цяпер Мікалай Аўтуховіч утрымліваецца пад вартай у СІЗА КДБ.
Адрас для лістоў: Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, 220 050