Мікіта Емяльянаў пераведзены ў ПК-2. Новы адрас для ліставанняў вязню

Палітзняволены анархіст Мікіта Емяльянаў пераведзены ў ПК-2 у Бабруйску. Гэта стала вядома ад ягонай маці, напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Мікалай Дзядок.

emelyanau_1_1.jpg


Што вядома пра ПК-2? У розны час там адбывалі пакаранне палітзняволеныя Сяргей Казакоў, Зміцер Дрозд, Алесь Бяляцкі, Андрэй Бандарэнка, у тым ліку анархісты Сяргей Раманаў, Зміцер Паліенка, антыфашысты Вадзім Бойка, Арцём Кацаў, Зміцер Сцяшэнка.
"У 2010-2011 гадах мінчане ў следчых ізалятарах марылі патрапіць на ПК-2: па-першае блізка да Мінску, па-другое, зона лічылася адносна чорнай, там был "дзвіж" — мабілы, алкаголь і г.д. На працягу наступных гадоў сітуацыя кардынальна змянілася. Навязалі рэжым, насельніцтва зоны прыбілі і запужалі. Начальнік зоны лічыць нармальным пагражаць памяшчэннем "у гарэм" за непадпарадкаванне, працвятае даносніцтва, рэжымная ідыятыя", — піша Мікалай Дзядок.


Адрас для ліставанняў Мікіту Емяльянаву:
Емяльянаў Мікіта УладзіміравічПК-2213800, г.Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.

Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы, інфармуе spring96.org.
Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3.
27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву – 4 гады пазбаўлення волі, Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Праваабаронцы знялі фільм «14. Крымінальная справа Емяльянава і Комара», у якім распавядаецца пра абставіны справы, парушэнні на папярэднім следстве і пра асобы асуджаных.


Праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітычнымі вязнямі.

Івана Комара этапавалі ў папраўчую калонію №17 горада Шклоў Магілёўскай вобласці. З 6 па 20 красавіка ён знаходзіцца на каранціне.