Міліцыя затрымала мінчука, у вакне якога вісеў бел-чырвона-белы сцяг
Супрацоўнікі міліцыі патрапілі у кватэру мінчука Сяргея Манкевіча. Праваахоўнікі дамагліся ад гаспадара зняць бел-чырвона-белы сцяг, які вісеў у раскрытым акне з унутранага боку.

Кватэра спадара Манкевіча — якраз насупраць статуі гарадавога, якая за кароткі час стала эпіцэнтрам супрацьстаяння актывістаў і сілавікоў. За перформанс з накідваннем пятлі на шыю царскаму паліцэйскаму быў прыцягнуты да адказнасці Вячаслаў Касінераў, за «апаганьванне святога месца» (словамі кіраўніка мінскай міліцыі Барсукова) адмінстрацыйныя арышты выпісваюць нават бамжам.
Цяпер скульптуру, не так даўно ўрачыста адкрытую ў прысутнасці міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, намагаюцца ўратаваць ад суседства з гістарычнай сімволікай.
Сяргей Манкевіч адмаўляўся адчыняць дзверы і ў тэлефоннай размове з журналістам “Радыё Свабода” сказаў, што нічога не парушаў, а таму ні ў чым не вінаваты.