Мільён долараў і «Крыштальны журавель»: Прэміі для настаўнікаў у свеце і ў Беларусі

Сёлета найлепшай настаўніцай у свеце назвалі выкладчыцу ангельскай мовы Нэнсі Этвэл з амерыканскага штату Мэн. 



04914c14_3e34_4e1b_b1d2_9f06d80d9d6c_w640_r1_s.jpg

У нядзелю на Глабальным форуме па пытаннях адукацыі і павышэння кваліфікацыі ў Дубаі прайшла цырымонія ўзнагароджвання. Настаўніца з ЗША атрымала 1 мільён даляраў. Гэтыя грошы яна ахвяруе школе, якую заснавала ў штаце Мэн у 1990 годзе. У школе ёсць вялікая бібліятэка, кожны вучань штогод прычытвае каля 40 кніжак. Нэнсі Этвэл — аўтарка шэрагу кніг пра навучанне, адна з іх выйшла накладам паўмільёна асобнікаў.

 

Сярод дзесяці фіналістаў конкурсу былі настаўнікі з ЗША, Кеніі, Камбоджы, Афганістану, Індыі, Малайзіі і Вялікабрытаніі. Настаўнік з Нью-Ёрку распрацаваў праект павелічэння вытворчасці прадуктаў харчавання ў цэнтры гораду, у выніку вучні атрымліваюць здаровую ежу. Настаўніца з Камбоджы ўжо больш за чвэрць стагоддзя працуе са сляпымі студэнтамі і вучыць іх мове, каб яны не пачуваліся выключанымі з сістэмы адукацыі. Выкладчыка біялогіі з паўночнай Англіі адзначылі за «даступнасць і актыўнасць выкладання» праз выкарыстанне спеваў і танцаў. Гэтую прэмію заснаваў дабрачынны фонд «Varkey Foundation» дзеля павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка.

 

Як узнагароджваюць беларускіх настаўнікаў?

 

Найлепшых настаўнікаў у Беларусі выбіраюць з 1991 году. Конкурсы адбываюцца не штогод, за ўсю гісторыю правядзення спаборніцтва тытул «Настаўніка году» атрымалі 12 педагогаў. Не ўсе настаўнікі пасля атрымання ўзнагароды застаюцца ў школе. Некаторыя сталі чыноўнікамі, хтосьці сумяшчае працу ў школе з выкладаннем у ВНУ, а некаторыя сышлі з гэтай сферы.

 

Першыя ўзнагароды атрымалі настаўнікі хіміі, музыкі і спеваў. Двойчы перамагалі настаўнікі біялогіі, ангельскай мовы, а таксама гісторыі. Атрымлівалі ўзнагароду выкладчыкі інфарматыкі, геаграфіі і фізікі. Найчасцей прызнавалі найлепшымі настаўнікаў Берасцейшчыны — у розныя гады перамагалі настаўнікі з Ганцавічаў, Драгічыну, з Маларыцкага раёну, двойчы з Баранавічаў. З Гарадзеншчыны пераможцамі былі выкладчыкі са Смаргоні, Ашмянаў і Дзятлава. Былі найлепшымі настаўнікі з Магілёва і Менску. Апошнім пераможцам конкурсу стаў Віктар Жук, малады настаўнік з Маладзечна. Аляксандр Лукашэнка падчас узнагароды адзначыў, што «правядзенне конкурсу садзейнічае павышэнню прэстыжу прафесіі настаўніка і аказвае прыкметны ўплыў на развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі».

 

Чаму настаўнікі сыходзяць са школаў?

 

«Белстат» канстатуе, што за год у Беларусі установаў сярэдняй адукацыі стала на 102 меней. Нельга сказаць, што праблема ў дэмаграфіі, бо паводле статыстыкі, колькасць навучэнцаў летась павялічылася больш як на паўтара адсотка і склала 946 тысяч чалавек. А вось колькасць настаўнікаў паменшылася на 4400 тысяч. Цяпер у сярэдніх навучальных установах Беларусі выкладаюць 117 тысяч педагогаў.

 

Чаму прафесія настаўніка становіцца ўсё менш папулярнай сярод моладзі, а настаўнікі са стажам сыходзяць з навучальных установаў? Адна з прычынаў — нізкія заробкі ў сферы адукацыі. Нацыянальны статыстычны камітэт паведамляе, што сёлета ў студзені сярэдні заробак у сферы адукацыі склаў 4 мільёны 439 тысяч рублёў. Сярод заробкаў у розных галінах дзейнасці ў Беларусі адукацыя — на апошнім месцы, адразу пасля сельскай гаспадаркі.

 

«Крыштальны журавель», ключы ад Geely і тэлевізар

gdb.rferl.org__919ac1f0_5501_4_59e719f17a8038a0b2bd64ccb47d610b.jpeg

Віктар Жук

Пра заробкі ў школах апошні пераможца конкурсу «Настаўнік году» Віктар Жук размаўляць не хоча, бо лічыць, што, калі чалавек натхнёны сваёй працай і атрымлівае асалоду ад яе, грошы адыходзяць на другі план:

 

«Для мяне гэта не самая вырашальная справа. Мне падабаецца мая праца, а на заробак я не скарджуся. Але я і працую шмат — іду на працу а 8-й, вяртаюся пасля 5-й. Чаму маладыя настаўнікі сыходзяць са школы? Відаць, не хапае матывацыі, сутыкаюцца з цяжкасцямі, ёсць праблемы з адаптацыяй. На мой погляд, ва ўніверсітэтах недастаткова аддаецца ўвагі практыцы. Таму настаўнікі не ведаюць, што іх чакае ў школе».

 

Пасля перамогі ў конкурсе Віктар працягвае працаваць у сярэдняй школе № 11 у Маладзечне. Ён стаў наймаладзейшым «настаўнікам году» — на момант атрымання прэміі Віктар працаваў у школе ўсяго тры гады. Атрыманы тытул, кажа ён, — гэта не толькі прэстыжная ўзнагарода, яна накладае таксама і пэўныя абавязкі.

 

У Маладзечне настаўнік выкладае гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю. Школа расейскамоўная, таму і навучанне па-расейску.

 

«Вучні і бацькі выбіраюць, на якой мове будзе выкладацца гісторыя. Усе мае вучні — расейскамоўныя і жывуць у расейскамоўным асяроддзі, таму гэтая мова для іх больш зразумелая і простая для камунікацыі. Але магчыма, з наступнага году будуць змены і гісторыю Беларусі буду выкладаць па-беларуску. Міністр адукацыі ўздымаў гэтае пытанне. Мы праводзілі апытанне вучняў. Хоць далёка не ўсе пагаджаюцца, бо баяцца цяжкасцяў, але з іншага боку, калі не рабіць зменаў, то ім з кожным годам усё складаней будзе разумець родную мову. Цікава, што калі мы абмяркоўваем традыцыі, культуру беларусаў, літаратуру, гучаць нейкія вершы па-беларуску, а потым пераходзім на расейскую — то ў саміх вучняў таксама ўзнікаюць пытанні, чаму мы гэта робім на расейскай мове?»

gdb.rferl.org__a5ce00c1_46de_4_52825faba3584a58ec34934a49affeeb.jpeg

Віктар Жук і вучні

Паводле настаўніка гісторыка, найважнейшае ў навучанні — гэта актыўны дыялёг з вучнем, інтэрактыўнасць, зваротная сувязь, уменне крытычна ацанiць, параўнаць, прааналiзаваць розныя гістарычныя падзеі. Каб разнастаіць працэс выкладання Віктар прыносіць на заняткi даспехі, бярэ вучняў у паходы і краязнаўчыя падарожжы па ваколіцах.

У якасці ўзнагароды настаўнік атрымаў ад кіраўніка Беларусі статуэтку «Крыштальны журавель» і ключы ад кітайскага аўтамабіля Geely. Пакуль Віктар правоў не мае, і аўтамабіль «чакае свайго часу». Яшчэ адзін прыз — тэлевізар — Віктар перадаў у сацыяльна-педагагічны цэнтр у Маладзечне.

«Настаўнікі, якія вучаць думаць, непатрэбныя»

gdb.rferl.org__845d69c1_80ca_4_5838a94a55a0801b8b65cfe8e9f8e3aa.jpeg

Алена Масьлюкова

Зусім інакш склалася жыццё ў іншай «настаўніцы году», праўда, раённага ўзроўню. Гісторык Алена Маслюкова атрымала гэты тытул у 2013, і стала найлепшым педагогам у Светлагорскім раёне. Летась у верасні Алену звольнілі са светлагорскай школы нумар 10, дзе яна выкладала гісторыю, — не працягнулі кантракту. Відавочнага канфлікту з кіраўніцтвам у настаўніцы не было, але дырэктарка ёй заявіла, што «такія людзі, як яна, робяць Майдан»

.

«Час ад часу ў нас былі сутыкненні, але гэта былі звычайныя дачыненні. Я выказвала сваю думку, а аднойчы мяне паклікала ў кабінет дырэктарка, дзе яна прымушала маладую настаўніцу падпісацца на „Настаўніцкую газету“. Я не вытрымала і сказала, што няма такога закону, які абавязвае яе рабіць гэтую падпіску. Мне пасля заявілі, што калі не падабаецца працаваць у дзяржаўнай школе, то магу пайсці ў прыватную. А пасля далі на рукі паведамленне, што звальняюць у сувязі са сканчэннем тэрміну працы».

 

Звальненне стала нечаканасцю для калегаў настаўніцы, яе вучняў і іх бацькоў. У Алены быў выпускны клас — да заканчэння школы вучням застаўся толькі адзін год. Цяпер гісторык з 30-гадовым стажам выкладання, сябра партыі БНФ, былая настаўніца філіі Коласаўскага ліцэю не можа знайсці працы ні ў воднай школе ў Светлагорску.

gdb.rferl.org__b62602bc_9a1e_4_542f1a4bed5593ef1ae4c71b0bcb279b.jpeg

Падзякі і дыплёмы Алены Маслюковай

Ці можна сказаць, што настаўнікаў кантралююць і запалохваюць у школах? Алена Маслюкова лічыць, што так — больш за тое, настаўнікі, якія вучаць дзяцей думаць, цяпер не патрэбныя ўладам:

 

«Я не хачу кепска казаць пра сваіх калегаў, але выкладаць гісторыю і грамадазнаўства азначае вучыць дзяцей думаць, рабіць высновы, аналізаваць. Таму гэтая катэгорыя настаўнікаў з'яўляецца небяспечнай — і для гэтай улады найперш, і для чыноўнікаў, і для таго ж самага дырэктара. Я шмат запытвалася дзяцей пра ўкраінскія падзеі, што адбываецца, чаму так адбываецца. Што цікава, нават афіцыйныя ўлады быццам бы падтрымліваюць украінскі бок, але насамрэч мне падаецца, што тут такая прарасейшчына! Вы ж разумееце, ёсць пэўная сацыяльная замова — калі раней патрэбныя былі адукаваныя вучні, каб яны паступалі ў ВНУ, то цяпер нам патрэбныя муляры і цесляры».

 

Адзінае, што цешыць Алену, гэта тое, што дырэктарка казала пра яе як чалавека з «цвёрда выверанай грамадзянскай пазіцыяй». Алена мяркуе, што для настаўніка сёння гэта хутчэй мінус.

 

«Які сэнс заставацца ў школе — быць штатнай адзінкай?»

 

Рэпетытар з Менску Аляксей Васілеўскі рыхтуе вучняў да іспытаў па двух прадметах — фізіцы і матэматыцы. З выкладчыкам летась у школе не працягнулі кантракту. Прычынаў не тлумачылі, аднак, як кажа Аляксей, «яны ляжалі на паверхні»: настаўнік неаднаразова крытыкаваў тое, што вучняў у школе часта зрываюць з заняткаў або адмяняюць ім заняткі ўвогуле, каб дзеці наведвалі парады, музеі і канцэрты.

 

«Я пра гэта не маўчаў і выказваў сваю незадаволенасць. У праграме Яўгена Лівянта казаў пра тое, што дзяцей здымаюць з заняткаў. Я ўвогуле прыйшоў да высновы, што цяпер настаўнікі сыходзяць са школы не толькі таму што заробкі нізкія і шмат папяровай працы. А таму, што яны разумеюць, што іх праца нікому не патрэбная. Дзяцей здымаюць з заняткаў — у дзяцей адпаведнае стаўленне да заняткаў, што іх можна прапусціць і нічога не здарыцца. Апошняя матывацыя настаўніка — калі тое, што ён робіць, патрэбнае дзецям. Калі яна знікае, то які сэнс заставацца — быць штатнай адзінкай?»

gdb.rferl.org__d35e4e9e_0eba_4_6718ab4dc7f7a0be0eb18f093958f87c.jpeg

Аляксей Васілеўскі

Матэрыяльнай зацікаўленасці ў Аляксея не было апошнія пятнаццаць гадоў — летась настаўнік працаваў на паўстаўкі і атрымліваў каля паўтара мільёнаў рублёў, раней, маючы па 30 заняткаў на тыдзень, не зарабляў у школе больш за трыста даляраў у эквіваленце. Сёння Аляксей займаецца рэпетытарствам шэсць разоў на тыдзень, каб паспець папрацаваць з усімі ахвотнымі.

 

Летась на сваім сайце Аляксей Васілеўскі апублікаваў рашэнні заданняў рэпетыцыйнага тэставання, каб вучні маглі самастойна іх разабраць. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) убачыў у гэтым парушэнне маёмаснага аўтарскага права на задачы тэстаў і падаў у суд на рэпетытара. Прадстаўнікі інстытуту даводзілі, што рэпетытар зрабіў гэта з карыслівых мэтаў.

 

«Ужо не кажучы пра тое, што я абсалютна бясплатна выкладваў рашэнні, то яшчэ ніводзін вучань не прыйшоў да мяне і не сказаў, што ўбачыў мае рашэнні і таму захацеў са мной займацца. Больш за тое, большасць сцягванняў было не з Менску, а з перыферыі. Гэтыя дзеці не заўсёды маюць магчымасць паехаць у абласны цэнтар на тэст. І яшчэ адна прычына: рашэнні, якія дае РІКВ і яго прадстаўнікі, не заўсёды добрыя і поўныя. У гэтых рашэннях ёсць памылкі. І я маю доказы — у рашэннях Ліцэя пры БДУ сапраўды ёсць памылкі».

 

На пачатку сакавіка суд вынес канчатковае рашэнне: у дзеяннях настаўніка ў выніку не знайшлі правапарушэння. РІКВ плануе гэтае рашэнне абскардзіць.

 

Аляксей кажа, што, напрыклад, у Расеі больш празрыстая сыстэма адзінага дзяржаўнага іспыту. Там нават умовы заданняў тэсту ў свабодным доступе і ніхто за гэта грошай не бярэ. У Беларусі ж наадварот — дзяржаўная і некамерцыйныя арганізацыя — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў не аказвае ніводнай бясплатнай паслугі.

 

«Раней настаўнік быў „гуру“. Сёння ён стаіць з флікерам на пераходзе і абыходзіць дамы, перапісваючы дзяцей»

 

Маладая настаўніца Настасся Кухарэнка выкладала ў менскай школе № 60 ангельскую мову. Гэтую школу Настасся знайшла сама, бо паводле размеркавання хацела працаваць менавіта ў беларускамоўнай навучальнай установе. Пераконвала бацькоў, што вучыць замежнай мове праз беларускую не складана, галоўнае, каб гэта было цікава, асабліва ў пачатковых клясах. Настасся распавядала дзецям казкі пра дзеясловы, спявала правілы.

 

Сышла са школы, таму што расчаравалася ў адукацыйнай сістэме, якая працуе неэфэктыўна дзеля справаздачаў і конкурсаў, а не на адукацыю і выхаванне дзяцей.

gdb.rferl.org__de3c02fd_57ca_4_d1d2118682a074ca0f9ac41373c9e6e0.jpeg

Настасся Кухарэнка

«Было моцнае жаданне і ў гэтых умовах даць дзецям веды, нягледзячы на тое, што «ізноў праверка, трэба хутка сёе-тое дарабіць», «дзе знайсці яшчэ 10 кг макулатуры на кожнага вучня», «як у свой выходны завесці клас на хакей». Дзеці часам казалі, што хочуць стаць настаўнікамі ў будучыні. Я ўсміхалася і казала: «Добра, падрасцеш і яшчэ раз падумаеш».

Паводле Настассі, прафесія настаўніка патрэбная, але гэта разумеюць далёка не ўсе. Прэстыж прафесіі падае, і паніжаюць яго самі ўлады:

«Калі раней настаўнік быў для бацькоў і дзяцей тым, каго б мы назвалі „гуру“, то сёння гэта той, хто а 7 гадзіне раніцы ў свой выходны мусіць стаяць з флікерам ля пешаходнага пераходу, абыходзіць дамы, перапісваючы дзяцей. Скажаце, „ім за гэта плацяць“. Так, праўда, але адмовіцца ад гэтага яны звычайна не могуць. Як павінен адчуваць сябе настаўнік пры такім стаўленні? Вось у мяне дзве адукацыі, апроч педагагічнай я эканаміст банкаўскай справы».

Цяпер Настасся працуе лагістам у прыватнай кампаніі. Нягледзячы на тое, што са школы яны сышла яшчэ два гады таму, з вучнямі дагэтуль сябруе — сустракаецца з імі на Каляды, Гуканне вясны ці Багач.

Прэмія для найлепшых настаўнікаў у Беларусі ёсць, а саміх настаўнікаў становіцца ўсё менш. Летась найбольш папулярнымі кірункамі ва ўніверсітэтах былі дызайн, праграмаванне і права, дзе конкурс быў дзесяць чалавек на месца. А сярод непапулярных спецыяльнасцяў былі фізіка, прыкладная матэматыка, ахова прыроды, медычныя і педагагічныя кірункі, на якіх быў нават недабор студэнтаў. На шэраг факультэтаў, дзе засталіся бюджэтныя месцы, Міністэрства адукацыі абвясціла дадатковы набор. А гэта значыць, што туды змаглі паступіць тыя, хто першапачаткова не прайшоў бы па выніках тэставання. Таму на пытанне, ці дастаткова адной прэміі для павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка, адказ выглядае відавочным. І калі з праграмістамі, дызайнерамі ці юрыстамі праблемаў у блізкай перспектыве не ўзнікне, то хто ў будучыні будзе вучыць беларусаў — пытанне пакуль адкрытае.

www.svaboda.org