Мінадукацыі: Гадавую адзнаку школьнікам могуць выставіць па выніках трох чвэрцяў
Школьнікі могуць атрымаць гадавую адзнаку па выніках трох чвэрцяў — правілы атэстацыі гэта дазваляюць, піша Еўрарадыё.

Пра гэта намеснік міністра Адукацыі Аляксандр Кадлубай заявіў тэлеканалу «Беларусь 1».
20 красавіка ў беларускіх школах пачалася чацвёртая чвэрць. З прычыны каронавіруса вясновыя вакацыі доўжыліся тры тыдні замес аднаго. Аднак у першы навучальны дзень, па звестках Мінадукацыі, у школы прыйшлі 30-40% вучняў.
Многія бацькі не пусцілі дзяцей у школу, перавёўшы іх на дыстанцыйнае навучанне.
У панядзелак у Беларусі ў школы прыйшло 30-40% вучняў
«Я не выключаю тое, што бацькі, як яны выказваюцца ў каментарах, палічаць, што здароўе іх дзяцей першаснае... У такім выпадку дзеці будуць атэставаныя па выніках тых адзнак, якія яны атрымалі ў трох чвэрцях. Гэта дазваляюць правілы атэстацыі», — патлумачыў Кадлубай.
Чыноўнік падкрэсліў, што бацькі маюць права пакідаць сваіх дзяцей дома. У бліжэйшыя два дні Мінадукацыі абяцае прыняць дакумент, які вызначыць, ці пазначаць адсутнасць такіх дзяцей на занятках і як ацэньваць веды пры завочным навучанні.